У Маладэчне перасталі працаваць дзьве з трох службаў таксі, іх правяраюць сілавікі

Маладэчна

Міліцыя пачала правяраць дзейнасьць таксістаў у горадзе. Раней праверкі перавозьнікаў пачаліся ў іншых гарадах, пасьля заяў Лукашэнкі.

Падчас моцных сьнегападаў у Маладэчне засталася працаваць толькі адна служба таксі з трох, якія ёсьць у горадзе. Працу дзьвюх астатніх службаў службаў міліцыя правярае ўжо цягам трэці дзень. Праверку вядуць у дачыненьні маладэчанскіх апэратараў таксі 152 і 158, піша Kraj.by.

Вядома, што ў канцы мінулага тыдня ў офісы гэтых службаў прыйшлі сілавікі і падатковая інспэкцыя.

Згодна з папярэднімі дадзенымі, 200 машын ня выехалі ў горад.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: З пачатку году ў Беларусі канфіскавалі больш за 100 маршрутак у «нядобрасумленных» перавозчыкаў

14 лістапада Аляксандар Лукашэнка запатрабаваў узмацніць кантроль у галіне пасажырскіх перавозак і загадаў выпрацаваць «адзіныя правілы гульні».

Ужо 20 лістапада на дзяржаўным тэлеканале «Беларусь-1» выйшаў сюжэт аб крымінальнай справе за ўхіленьне ад выплаты падаткаў у дачыненьні буйнога інтэрнэт-агрэгатара ў сфэры пасажырскіх зносінаў Аtlasbus — у відэа яго называюць «бандай „чорных перавозьнікаў“».

Прапагандысты сьцьвярджаюць, што фігуранты — больш за 20 абвінавачаных і падазраваных — вялі свае справы пры дапамозе «шантажу, пагрозаў, сабатажу».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Урад Беларусі анансаваў рэформу ў таксі: дыспэтчараў прымусяць знаходзіцца ў Беларусі і перадаваць інфармацыю сілавікам

Таксама вядома, што транспартная інспэкцыя Міністэрства транспарту за 10 месяцаў 2023 году правяла «каля 820 кантрольных закупак».

Па выніках апэрацый выявілі больш за тысячу парушэньняў і канфіскавалі 185 аўтамабіляў.

  • Узмоцненыя праверкі ў сфэры аўтаперавозак у Беларусі пачаліся пасьля ДТЗ з удзелам маршруткі пад Смалявічамі 20 лютага 2023 году, у якім загінулі 13 чалавек. З красавіка транспартная інспэкцыя пачала больш актыўна прымяняць часовае адбіраньне транспарту.
  • Пасьля шэрагу праверак на пачатку сакавіка Юры Касьцюк заявіў, што пакуль павысіць узровень бясьпекі пасажырскіх перавозак спрабуюць з дапамогай прафіляктычных рэйдаў і штрафаў, але з улікам цяжкасьці ўчыненьня парушэньняў могуць нават адабраць аўтамабіль, бо «ня ўсе рэагуюць на штрафы».
  • 14 красавіка прадстаўнік Мінтрансу паведаміў пра першы выпадак канфіскацыі маршруткі за ажыцьцяўленьне незаконнай дзейнасьці ў перавозцы пасажыраў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Заробкі зьнізяцца, паездкі падаражэюць». Што прынясуць анансаваныя зьмены ў сфэры таксі

Цяпер рыхтуецца да прыняцьця праект указу аб аўтамабільных перавозках пасажыраў, які можа істотна зьмяніць рынак таксі і маршрутак у Беларусі. Сярод іншага, згодна з указам:

  • створаць дзяржаўны рэестар перавозак пасажыраў;
  • перавозчыкаў і дыспэтчараў прымусяць даваць дзяржаўным органам доступ да інфармацыі аб выкананых заказах;
  • дыспэтчараў вымусяць адкрыць юрыдычную асобу ў Беларусі і разьмясьціць сэрвэры ўнутры краіны;
  • у кожным аўтамабілі ўсталююць камэры відэаназіраньня.