Губэрнатар Варонескай вобласьці Расеі Аляксандар Гусеў паведаміў аб гібелі ва Ўкраіне намесьніка камандуючага 14-га армейскага корпусу Паўночнага флёту генэрал-маёра Ўладзіміра Завадзкага.
Як паведаміў расейскі губэрнатар у сваім тэлеграм-канале, Уладзімір Завадзкі загінуў «на баявым пасту ў зоне правядзеньня спэцапэрацыі».
У той жа час Аляксандар Гусеў не паведаміў даты і абставін гібелі генэрал-маёра. Ён адзначыў, што Ўладзімір Завадзкі да жніўня 2021 году камандаваў 4-й Кантэміраўскай танкавай дывізіяй, зь якой супрацоўнічала Варонеская вобласьць.
Раней у Расеі афіцыйна не паведамлялі аб гібелі вышэйшага камандаваньня расейскіх Ўзброеных і ваенна-марскіх сіл.
Аб гібелі Ўладзіміра Завадзкага 29 лістапада паведамілі ў Міжрэгіянальнай грамадзкай арганізацыі выпускнікоў Маскоўскай вышэйшай вайсковай каманднай вучэльні імя Вярхоўнага Савету РСФСР «Крэмль».
Паводле ўкраінскіх СМІ, расейскі генэрал падарваўся на міне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Экс-камандуючы 58-й арміяй пацьвердзіў гібель расейскага генэрала Алега ЦокаваГэта сёмы вайсковец такога рангу, гібель якога на вайне ва Ўкраіне пацьвердзілі расейскія крыніцы. Агулам у СМІ зьяўляліся паведамленьні аб гібелі на вайне 12 расейскіх генэралаў. Мінабароны Расеі не пацьвярджае і не абвяргае такіх паведамленьняў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На Запарожжы загінуў дзясяты генэрал расейскай арміі