Сьвятлана Ціханоўская 4 сьнежня выступіла з дакладам «Беларусь, Украіна і будучыня Эўропы» ў Ейльскім унівэрсытэце.
Ціханоўская таксама правяла зь мясцовымі студэнтамі гутарку, мадэратарам якой стаў гісторык Тымаці Снайдэр.
Падчас гутаркі Ціханоўская расказала пра свой асабісты шлях у палітыку, пратэсты беларусаў і ўзмацненьне рэпрэсіяў пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году.
Таксама яна закранула тэму нацыянальнай ідэнтычнасьці беларусаў і іх геапалітычны выбар сёньня.
Ціханоўская казала пра пагрозу сувэрэнітэту Беларусі з боку Расеі, пра рэпрэсіі супраць культуры і мовы.
Не засталася па-за ўвагай і тэма саўдзелу рэжыму Лукашэнкі ў поўнамаштабным уварваньні Расеі ва Ўкраіну. Ціханоўская нагадала пра супраціў беларусаў гэтай вайне, расказала пра беларускіх добраахвотнікаў і чыгуначных партызанаў.
Сьвятлана Ціханоўская падкрэсьліла важнасьць і неабходнасьць падтрымкі Беларусі Захадам сёньня — у пэрыяд няспыннага перасьледу беларускіх грамадзян як унутры краіны, так і за яе межамі.
Пасьля дыскусіі беларуская дэмакратычная лідэрка адказала на пытаньні студэнтаў Школы глябальных адносін Ейльскага ўнівэрсытэту.
«Для мяне было гонарам выступіць у Ейльскім унівэрсытэце побач з Тымаці Снайдэрам. Мы абмеркавалі гістарычную ролю Беларусі ў рэгіёне, яе эўрапейскія карані і будучыню ў Эўропе. Мне было прыемна бачыць на імпрэзе шмат беларусаў і ўкраінцаў. Разам мы пераможам!» — напісала Ціханоўская ў сетцы Х.
Стварыць беларускі цэнтар і заснаваць стыпэндыі для беларускіх студэнтаў і дасьледчыкаў прапанавала Сьвятлана Ціханоўская падчас наведваньня Ейльскага ўнівэрсытэту (ЗША) 4 сьнежня. Пра гэта паведаміў «Позірку» яе галоўны дарадца Франак Вячорка, які суправаджае яе ў паездцы.
Да 6 сьнежня Ейльскі ўнівэрсытэт прымае заяўкі на 4-месячную стыпэндыяльную праграму Maurice Greenberg, у тым ліку для беларусаў.
Там жа адбылася сустрэча Ціханоўскай зь беларускай дыяспарай, якая прыехала на сустрэчу з усёй Амэрыкі. Ва ўнівэрсытэце цяпер працуюць некалькі беларусаў, у тым ліку беларускі рэжысэр Андрэй Курэйчык і прафэсар эканомікі Андрэй Цывінскі.
Стратэгічны дыялёг «Беларусь – ЗША»
6-8 сьнежня ў Вашынгтоне пройдзе Стратэгічны дыялёг «Беларусь – ЗША». Зь беларускага боку ў ім прымуць удзел Сьвятлана Ціханоўская, прадстаўнікі яе офіса, Аб'яднанага пераходнага кабінэта, Каардынацыйнай рады, праваабарончага цэнтра «Вясна», Беларускага прэс-клюба, «Кібэрпартызан» і іншых арганізацый, а таксама незалежных СМІ.
У ходзе стратэгічнага дыялёгу будуць абмяркоўвацца пытаньні правоў чалавека і шляхі вызваленьня палітзьняволеных, разьвіцьця прыватнага сэктара Беларусі, а таксама пагрозы сувэрэнітэту Беларусі з боку Расеі. Асобным пунктам перамоваў стане абмеркаваньне візавай і міграцыйнай праблематыкі для беларусаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская ў Washington Post: «Каб дэмакратыя вярнулася ў Беларусь, патрэбная дапамога ЗША»Хто такі Тымаці Снайдэр
Прафэсар Ейльскага ўнівэрсытэту ў ЗША Тымаці Снайдэр напісаў шэраг кніг, прысьвечаных гісторыі Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы, такія як «Крывавыя землі: Эўропа паміж Гітлерам і Сталіным».
Ёсьць у ягоным даробку і кніга, дзе шмат увагі аддаецца Беларусі: «Рэканструкцыя нацыяў: Польшча, Украіна, Літва, Беларусь (1569–1999 гг.)». Дасьледуе гісторыю СССР і Галакосту.
З пачаткам паўнамаштабнай вайны Расеі супраць Украіны гісторык неаднаразова даваў свае ацэнкі падзеям, палітыкам і пэрспэктывам краін. Чытаў лекцыі і пісаў кнігі на гэтую тэму.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Амэрыканскі гісторык Снайдэр пра расавую падаплёку вайны Пуціна і спробу сфармаваць «здаравейшы» расейскі народ ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская — «всё». АнтыфэйкХто такая Сьвятлана Ціханоўская
Сьвятлана Ціханоўская — беларускі палітык, былая кандыдатка ў прэзыдэнты Беларусі. Цяпер знаходзіцца ў Літве.
- Сьвятлана Ціханоўская нарадзілася ў 1982 годзе ў Мікашэвічах (Берасьцейская вобласьць).
- 15 траўня 2020 году пасьля адмовы Цэнтральнай выбарчай камісіі зарэгістраваць мужа Сьвятланы, зьняволенага лідэра кампаніі «Страна для жизни» блогера Сяргея Ціханоўскага, Сьвятлана ад свайго імя падала дакумэнты на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы. 20 траўня яе групу зарэгістравалі. 29 траўня кіраўніка яе выбарчага штабу Сяргея арыштавалі зноў.
- Кандыдаткай у прэзыдэнты Ціханоўскую зарэгістравалі 14 ліпеня 2020.
- Пасьля арышту прэтэндэнта на пасаду прэзыдэнта Віктара Бабарыкі і ўцёкаў за мяжу яшчэ аднаго прэтэндэнта Валера Цапкалы іх штабы аб’ядналіся з штабам Сьвятланы Ціханоўскай. Аб’яднаны штаб правёў пасьпяховую выбарчую кампанію з шматтысячнымі мітынгамі ў вялікіх і малых гарадах Беларусі пад бел-чырвона-белымі сьцягамі.
- Паводле афіцыйных зьвестак ЦВК, на выбарах Сьвятлана Ціханоўская набрала 10,09%, а Аляксандар Лукашэнка — 80,08%. Ціханоўская адмовілася прызнаць гэтыя вынікі і 10 жніўня асабіста накіравалася ў ЦВК, каб іх абскардзіць.
- З ЦВК палітык не вярнулася. Сувязь зь ёю зьнікла, празь некалькі гадзін у вэстыбюлі ЦВК яна паведаміла, што «прыняла рашэньне» і зьехала ў невядомым кірунку. 11 жніўня стала вядома, што яна ў Літве. Былі апублікаваныя два відэазвароты Ціханоўскай, адзін зь якіх быў запісаны ў ЦВК пасьля размовы з двума высокапастаўленымі сілавікамі, у ім Ціханоўская заклікае дэманстрантаў не выходзіць на вуліцы. Кіраўніцтва Літвы 11 жніўня заявіла, што звароты Ціханоўская запісала пад ціскам і шантажом.
- Празь некалькі дзён пасьля фактычнай «дэпартацыі» ў Літву Сьвятлана Ціханоўская заявіла, што бярэ на сябе ролю «нацыянальнага лідэра».
- 18 жніўня з ініцыятывы Сьвятланы Ціханоўскай у Беларусі была створаная Каардынацыйная рада для транзыту ўлады.
- 10 верасьня 2020 Сэйм Літвы прагаласаваў за прызнаньне Сьвятланы Ціханоўскай абраным кіраўніком Беларусі.
- Ад верасьня 2020 году Ціханоўская наведала з працоўнымі візытамі дзясяткі краін сьвету і сустрэлася зь іх лідэрамі. Сярод іх прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон, канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель, высокі прадстаўнік ЭЗ Жузэп Бурэль, прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн ды інш.
- Сьвятлана Ціханоўская кантактавала з актыўнымі людзьмі ў Беларусі падчас пратэстаў 2020 і 2021 гадоў, прызначыла сваіх прадстаўнікоў для падтрыманьня лучнасьці з сацыяльнымі і прафэсійнымі групамі ў краіне.
- Ціханоўская выступіла за правядзеньне ў Беларусі новых празрыстых прэзыдэнцкіх выбараў пры міжнародным кантролі і актыўна заклікала міжнародную супольнасьць да ўдзелу ў арганізацыі перамоваў зь цяперашнім кіраўніцтвам Беларусі.
- За два гады Ціханоўская, яе штаб і зьвязаныя з ёй ініцыятывы дапамагалі палітвязьням, выступалі з шэрагам гуманітарных і палітычных ініцыятываў.
- Яна выступала супраць сфальшаванага канстытуцыйнага рэфэрэндуму, ініцыяванага Лукашэнкам у 2022 годзе.
- У лютым 2022 Ціханоўская асудзіла расейскую агрэсію супраць Украіны і саўдзел у ёй рэжыму А. Лукашэнкі, у сакавіку 2022 году стварыла беларускі Антываенны рух.
- У красавіку 2022 году Ціханоўская на канфэрэнцыі Рады Бясьпекі ААН заявіла, што «поўдзень Беларусі фактычна знаходзіцца пад расейскай акупацыяй».
- Ціханоўская правяла пасьпяховыя перамовы з урадам Польшчы і дамаглася асаблівых умоваў для прыезду і легалізацыі беларусаў, ня згодных з рэжымам Лукашэнкі.
- У жніўні 2022 году Сьвятлана Ціханоўская стварыла Аб’яднаны пераходны кабінэт, назвала чатырох сваіх прадстаўнікоў.
- У лістападзе 2022 Ціханоўская ўпершыню назвала сябе прэзыдэнтам-электам