У Арміі абароны Ізраіля (ЦАХАЛ) заявілі, што ізраільскія сухапутныя сілы супрацьстаяць баевікам ХАМАС (прызнаны тэрарыстычнай арганізацыяй) па ўсім сэктары Газа.
Як паведаміў «Голас Амэрыкі», гэтая заява сьведчыць аб пачатку заплянаванага наступу на перапоўнены ўцекачамі поўдзень анкляву.
ХАМАС заявіў аб уступленьні ў баявыя дзеяньні з ізраільскімі войскамі прыкладна за два кілямэтры ад горада Хан-Юніс на поўдні сэктара Газа.
Мясцовыя жыхары, многія зь якіх пераехалі туды, каб уратавацца ад папярэдніх атак, паведамілі, што чуюць танкавыя выстралы і пабойваюцца новага наступу Ізраілю.
Раней ізраільскія войскі патрабавалі, каб жыхары некаторых раёнаў горада і яго навакольля эвакуаваліся. Але аб новым наступе вайскоўцы іх не папярэджвалі.
«ЦАХАЛ працягвае пашыраць наземную апэрацыю супраць цэнтраў ХАМАС ва ўсім сэктары Газа», — заявіў журналістам у Тель-Авіве прадстаўнік ЦАХАЛ, контар-адмірал Даніэль Хагары.
СМІ, якія знаходзяцца па кантролем ХАМАС, паведамілі, што ў выніку ізраільскага ўдару па горадзе Газа загінулі тры супрацоўнікі цывільных экстраных службаў. Паводле іх, адным з аб’ектаў стаў лягер уцекачоў Джабалія на поўначы сэктара Газа.
Авіяцыйныя і артылерыйскія ўдары таксама былі сканцэнтраваныя ў раёне Хан-Юніса і Рафаха, яшчэ аднаго горада на поўдні сэктара Газа, паведамілі мясцовыя жыхары. Паводле іх, лякарні зь цяжкасьцямі спраўляюцца з патокам параненых.
Прадстаўнік ізраільскага ўраду Эйлан Ляві заявіў, што ў выходныя вайскоўцы нанесьлі больш за 400 удараў па цэлях, «уключаючы шырокія паветраныя атакі ў раёне Хан-Юніса», а таксама зьнішчылі баевікоў ХАМАС і разбурылі іхную інфраструктуру ў Бэйт-Лахіі на поўначы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ізраільскае войска інтэнсіўна абстрэльвае сэктар Газа, туды заехалі першыя грузавікі з гуманітарнай дапамогайБаявыя дзеяньні між Ізраілем і ХАМАС аднавіліся пасьля сямідзённага перапынку, падчас якога ХАМАС вызваліў 105 закладнікаў, у асноўным ізраільцян, у абмен на вызваленьне 240 палестынскіх зьняволеных.
Новая эскаляцыя адбылася, нягледзячы на заклік ЗША да Ізраілю абмежаваць шкоду палестынскаму цывільнаму насельніцтву падчас новай фазы наступу, сканцэнтраванай на поўдні.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ізраіль аднавіў баявыя дзеяньні ў Газе, заявіўшы, што ХАМАС парушыў дамову аб замірэньні