Для выявы гэтых пэрсанажаў Сакураў выкарыстоўваў кадры з дакумэнтальнай хронікі і тэксты іх рэальных прамоў. Па словах нобэлеўскага ляўрэата Дзьмітрыя Муратава, у фільме паказалі «падсьвядомасьць дыктатараў», у якіх няма «ніякага раскаяньня» з прычыны сьмерцяў загінулых па іх віне людзей. Прэмʼера «Казкі» адбылася 6 жніўня 2023 года на кінафэстывалі ў Лякарна.
Гэта першы фільм Сакурава, якому не далі ў Расеі пракатнага пасьведчаньня. Чыноўнікі з Мінкультуры спаслаліся на «іншыя выпадкі, вызначаныя законам».
«Ну, а куды мне дзявацца цяпер? Што мне рабіць? Я — рускі чалавек, у мяне расейскі пашпарт. Чаму я павінен за мяжой рэалізоўвацца? Чаму я павінен зьехаць, а не яны?» — сказаў кінарэжысёр у інтэрвію РБК.
Фільм сёньня зьявіўся з адкрытым доступе на Youtube.
Аляксандр Сакураў, асабліва ў апошнія гады, выступае з крытыкай расейскіх уладаў. У сьнежні 2021 года падчас сустрэчы Рады па правах чалавека ў Сакурава адбыўся канфлікт з Уладзімірам Пуціным. Рэжысэр у сваім выступе казаў пра тое, што Расею трэба мяняць, што ў краіне ёсьць шмат праблем, якія не вырашаюцца, і іх нельга закопваць у пясок.
Пазьней Сакураў папрасіў прабачэньня за спрэчку з прэзыдэнтам і расказаў аб пагрозах, якія яму паступалі. Аляксандр Сакураў па-ранейшаму ўваходзіць у склад Рады па правах чалавека, аднак, як ён сам казаў, са сьнежня 2021 г. у яго так і не было магчымасьці пагаварыць з Пуціным, хоць той абяцаў зь ім сустрэцца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мы павінны шанаваць сваю гісторыю і традыцыі». Пра што згадаў арцыбіскуп Кандрусевіч у звароце з нагоды Адвэнту