Як напісаў у сваім Фэйсбуку ініцыятар «Новай Беларусі» Павел Лібер, за год працы адбыўся рост аўдыторыі, хаця і крыху ніжэйшы за мэтаў.
«Прыкладаньне спампавалі 33 тысячы карыстальнікаў, уся экасыстэма павялічылася з 21 тысячы карыстальнікаў да 58 тысяч. Што важна, 52% зь іх унутры краіны. Мы ня лічым цалкам ананімных карыстальнікаў — іх яшчэ некалькі дзясяткаў тысяч», — піша Лібер.
Паводле яго, пасьля сур’ёзнай фінансавай праблемы ўлетку, каманда пачалі шукаць партнэраў і донараў для фінансаваньня грамадзянска-палітычнага пласта. Цяпер праект усё яшчэ большай часткай робіцца за свае грошы (прыкладна 65%), данаты складаюць яшчэ 3%.
«Мы не змаглі за гэты год запусьціць плацёжную сыстэму, таму што абодва заплянаваныя варыянты партнэрстваў завісьлі на год са статусам compliance check (праверка адпаведнасьці — РС.) у двух эўрапейскіх партнэраў/банкаў і вісяць там да гэтага часу», — патлумачыў Лібер.
Ён таксама расказаў пра вынікі пілётнага падатковага праекта. Яго сутнасьць заключалася ў фінансаваньні праектаў самімі падпісчыкамі прыкладаньня. Лібер называе вынікі вельмі пасьпяховымі, таму што 250 чалавек і некалькі бізнэсаў сабралі каля 42 тысяч эўра на якія будзе рэалізавана 2 праекты.
Цяпер каманда «Новай Беларусі» працуе над мэдыя-агрэгатарам, які будзе зьбіраць навіны беларускіх мэдыя, лякальныя навіны, сусьветныя, падзеі, відэа і накіроўваць гэта ўсё ў адну пэрсаналізаваную стужку на абранай мове. Пачатак заплянаваны на студзень.
«Да сакавіка выйдуць палітычныя суполкі — віртуальны офіс для грамадзянскіх арганізацый, палітычных. З функцыямі зваротнай сувязі, пэтыцый, праектным дашбордам і шматлікім іншым. Гэта дабудуе грамадзянска-палітычны пляст», — тлумачыць Лібер.
Ён спадзяецца, што дзякуючы праекту «Новая Беларусь» беларусы змогуць «пранесьці сябе ў часе цэласна і навучыцца самастойна вырашаць свае нацыянальныя праблемы».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вызначыліся пераможцы конкурсу ідэяў «Новай Беларусі». Іх рэалізуюць за кошт падаткаў і ўнёскаў беларусаў Польшчы і Літвы