Аляксандар Лукашэнка 3–4 сьнежня робіць працоўны візыт у Кітайскую Народную Рэспубліку, паведамілі дзяржаўныя СМІ з спасылкай на ягоную прэс-службу.
У Пэкіне ў Лукашэнкі адбудуцца перамовы са старшынёй КНР Сі Цзіньпінам. На парадку дня — пытаньні гандлёва-эканамічнага, інвэстыцыйнага і міжнароднага супрацоўніцтва.
Таксама ў праграме візыту — «шэраг мерапрыемстваў сацыяльна-гуманітарнага напрамку».
Перад гэтым Лукашэнка быў у Аб’яднаных арабскіх эміратах, дзе ўдзельнічаў у працы экалягічнага саміту.
Апошнімі гадамі палітык лётае пераважна ў Расею, амаль не бываючы ў іншых краінах. Адправіцца ў Кітай пасьля візыту ў ААЭ — рэдкі выпадак.
Зрэшты, у гэтым годзе гэта ўжо другі палёт Лукашэнкі ў Кітай. Ён быў там з 28 лютага па 2 сакавіка. У верасьні з амбасадарам Кітаю сустракаўся міністар замежных спраў Беларусі Сяргей Алейнік, а ў лістападзе візыт у Кітай правёў намесьнік міністра прамысловасьці Аляксандар Яфімаў, падпісаўшы там, як інфармавалі дзяржаўныя мэдыі, дэталізаваны плян аб спалучэньні прамысловай палітыкі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка ў Дубаі гаварыў ня гэтулькі пра клімат, колькі пра барацьбу з Захадам ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Байдэн і Сі Цзіньпін адмовіліся ўдзельнічаць у онлайн-саміце G20 з Пуціным. Шольц заклікаў яго спыніць вайну супраць Украіны