Пра гэта піша Ўкраінская служба Радыё Свабода.
Зьмест ліста намесьнік кіраўніка Рады Аляксандар Карніенка выдаваць ня стаў. Паводле яго, Парашэнка назваў як галоўную падставу для замежнай выправы ўдзел у непарлямэнцкай падзеі — партыйным форуме Міжнароднага дэмакратычнага зьвязу — і іншыя сустрэчы высокага ўзроўню.
«Паводле нашых унутраных прынцыпаў, удзел у партыйных захадах дапускаецца, але калі паступіў ліст з грыфам ДСП, які я не магу камэнтаваць, мы вымушаныя былі скасаваць выправу», — сказаў Карніенка ў этэры нацыянальнага тэлемаратону.
Раней у пятніцу Парашэнка заявіў, што раніцай яго ня выпусьцілі за межы Украіны для выправы з 1 па 8 сьнежня, хоць было распараджэньне кіраўніка Рады. З словаў Парашэнкі, бліжэйшымі днямі ў яго былі заплянаваныя сустрэчы з прадстаўнікамі Кангрэсу ЗША і Сэйму Польшчы.
Гэта ўжо ня першы раз, калі ўкраінская памежная служба адмаўляе экс-прэзыдэнту ў выезьдзе. У траўні 2022 году ён змог выехаць з Украіны толькі з трэцяй спробы і толькі пасьля таго, як апублікаваў адкрыты ліст прэзыдэнту Ўладзіміру Зяленскаму. Супраць Парашэнкі ва Ўкраіне заведзены шэраг крымінальных справаў, у прыватнасьці, яго абвінавачваюць у дзяржаўнай здрадзе і фінансаваньні тэрарызму пры пастаўках вугалю ў 2014–2015 гадах зь непадкантрольных Кіеву рэгіёнаў Данбасу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На Байкала-Амурскай магістралі падарвалі другі цягнік за дзень