«Выбарчая кампанія 2020 году і спроба «каляровай» рэвалюцыі карэнным чынам зьмяніла нашы падыходы да аховы грамадзкага парадку і барацьбы са злачыннасьцю. Сытуацыя дынамічна мяняецца, зьяўляюцца новыя выклікі і пагрозы», — сказаў Казакевіч.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Амаль спэцапэрацыя. Навошта Лукашэнку выбарыСпробаю «каляровай» рэвалюцыі Казакевіч называе мірныя пратэсты ў Беларусі ў 2020 годзе, калі людзі выходзілі выказваць нязгоду з фальсыфікацыяй вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў. Падчас пратэстаў Аляксандар Лукашэнка сустракаўся з супрацоўнікамі праваахоўных органаў і заявіў, што «часам не да законаў». Многія экспэрты ацанілі ягоныя словы як дазвол сілавікам парушаць законы.
Каб выключыць падобныя сытуацыі ў 2024 годзе, МУС прадугледжвае комплекс захадаў. Як паведамляе прэс-служба міністэрства, яны накіраваныя, сярод іншага, на зьніжэньне ўплыву так званых экстрэмісцкіх інтэрнэт-рэсурсаў на грамадзкую сьвядомасьць. Органы міліцыі маюць намер «тлумачыць ініцыятывы, якія праводзяцца дзяржаўнымі органамі, з прыцягненьнем папулярных СМІ, лідэраў грамадзкай думкі».
«Сярод важных задач – вызначэньне і прыцягненьне да адказнасьці асобаў, якія маюць дачыненьне да экстрэмізму, перш за ўсё адміністратараў і актывістаў дэструктыўных сеткавых рэсурсаў, атрыманьне інфармацыі, якая дазволіць прагназаваць разьвіцьцё абстаноўкі як унутры краіны, так і за яе межамі», — заявіў Казакевіч.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прапагандыцкі канал раскрытыкаваў практыку прызнаньня ў Беларусі СМІ экстрэмісцкіміЦяпер у сьпісе «экстрэмісцкіх фармаваньняў» 157 пазыцыяў, у тым ліку 20 СМІ:
- інфармацыйная кампанія БелаПАН (№ 10, рашэньне аб уключэньні прынята 1 лістапада 2021 году),
- тэлеканал «Белсат» (№ 12; 3 лістапада 2021),
- Радыё Свабода (№ 24; 23 снежня 2021),
- «Наша ніва» (№ 31; 14 студзеня 2022),
- тэлеграм-канал «Бабруйск Online» (№ 38; 22 лютага 2022),
- сайт «Флагшток» (№ 54; 29 красавіка 2022),
- інтэрнэт-часопіс kyky.org (№ 56; 6 траўня 2022),
- «Честная газета» (№ 59; 20 траўня 2022),
- «Еўрарадыё» (№ 75; 20 ліпеня 2022),
- сайт «Хартыя’97» (№ 84; 30 жніўня 2022),
- сайт Hrodna.life (№ 99; 11 лістапада 2022),
- самвыдавецкія «Вестники» (№ 107; 9 сьнежня 2022),
- «Маланка.Media» (№ 116; 15 лютага 2023),
- «Брестская газета» (№ 120, 28 лютага 2023),
- сайт «MOST» (№ 128, 17 траўня 2023),
- сайт homeldays.org («Гомель штодзень», № 131, 23 траўня 2023),
- тэлеграм-канал Insider (№ 132, 29 траўня 2023),
- сайт zerkalo.io («Зеркало», № 135, 9 чэрвеня 2023),
- тэлекампанія «Ранак», Сьветлагорск (№ 146, 5 верасьня 2023),
- сайт ex-press.live, Барысаў (№ 156, 24 кастрычніка 2023).
Што трэба ведаць пра экстрэмізм у Беларусі
14 траўня 2021 году быў падпісаны закон «Аб зьмене законаў у пытаньнях супрацьдзеяньня экстрэмізму», які набыў моц 14 чэрвеня. Раней праект у Палату прадстаўнікоў унёс урад, 2 красавіка яго прынялі ў першым чытаньні, а 16 красавіка — у другім. Нягледзячы на тое, што зьмены закранаюць правы, свабоды і абавязкі грамадзян і юрыдычных асобаў, публічныя абмеркаваньні не праходзілі.
У Беларусі прызнаныя экстрэмісцкімі звыш 300 тэлеграм-рэсурсаў.
Тэлеграм-канал можа прызнавацца як экстрэмісцкім матэрыялам, так і экстрэмісцкім фармаваньнем. Калі ў яго статус «экстрэмісцкага фармаваньня», ягоныя падпісчыкі таксама могуць стаць фігурантамі крымінальных спраў. У той жа час падпіска на каналы, якія прызнаныя «экстрэмісцкімі матэрыяламі», не караецца — пры ўмове, што падпісчык не аказвае падтрымкі ў папулярызацыі каналу: не рэпосьціць, не пералічвае грошай, не зьлівае туды інфармацыю.
«Матэрыялы» і «фармаваньні» сілавікі разьмяжоўваюць так: «экстрэмісцкія матэрыялы» — гэта тое, што робіць чалавек, а «экстрэмісцкія фармаваньні» — тыя, хто робіць.
Пры гэтым у МУС Беларусі адзначаюць, што стваральнікам, арганізатарам і ўдзельнікам экстрэмісцкіх фармаваньняў пагражае пазбаўленьне волі да 7 гадоў.
Першыя экстрэмісцкія фармаваньні ў Беларусі вызначылі ў сярэдзіне кастрычніка — інтэрнэт-рэсурсы dze. chat і «Рабочы рух». Цяпер іх ужо дзясяткі.
Прыцягнуць да адказнасьці за «экстрэмізм» цяпер могуць па цэлым шэрагу напрамкаў.
- Экстрэмісцкія матэрыялы — рашэньне суду, якое прымаецца ў дачыненьні да інфармацыі.
- Экстрэмісцкая група — устойлівая кіраваная група ў колькасьці дзьвюх ці больш асоб, якія папярэдне аб’ядналіся для ажыцьцяўленьня экстрэмісцкай дзейнасьці.
- Экстрэмісцкая арганізацыя — арганізацыя, якая ажыцьцяўляе экстрэмісцкую дзейнасьць, альбо якая аказвае іншае садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці, або якая прызнае магчымасьць яе ажыцьцяўленьня ў сваёй дзейнасьці, альбо якая фінансуе экстрэмісцкую дзейнасьць, у дачыненьні да якой прынята і ўступіла ў законную сілу рашэньне суду аб прызнаньні яе экстрэмісцкай.
- Экстрэмісцкае фармаваньне — група грамадзян, якая ажыцьцяўляе экстрэмісцкую дзейнасьць, альбо якая аказвае іншае садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці, або якая прызнае магчымасьць яе ажыцьцяўленьня ў сваёй дзейнасьці, або якая фінансуе экстрэмісцкую дзейнасьць, у дачыненьні да якой прынята рашэньне Міністэрства ўнутраных спраў або Камітэту дзяржаўнай бясьпекі аб прызнаньні яе экстрэмісцкай.