Беларускі фонд салідарнасьці BySol сабраў больш за 20 тысяч эўра для правядзеньня каляднай акцыі «Трэба цуды? Зробім цуды!» для дзяцей, у якіх хтосьці з бацькоў знаходзіцца за кратамі з палітычных матываў.
«Для нас, Беларускага фонду салідарнасьці BySol, важна, каб у гэтыя часы ў сем’ях палітзьняволеных сьвята адбылося, нягледзячы ні на што», — адзначаецца ў паведамленьні на афіцыйным сайце ініцыятывы.
Першапачаткова заяўлялі, што на падарунак для кожнага дзіцяці будзе выдзелена 100 эўра.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: BySol у 2022 годзе перадаў рэпрэсаваным каля 2 мільёнаў эўра, — Андрэй Стрыжак
Фонд BySol штогод ладзіць акцыі, каб дзеці палітычных зьняволеных мелі магчымасьць атрымаць дапамогу ад неабыякавых людзей, пакуль іх бацькі ня могуць быць побач. «Вельмі натхняе, што так шмат беларусаў, якім не ўсё адно. Бо, толькі дапамагаючы адно адному, падтрымліваючы тых, каму складана, мы дорым дзецям будучыню, якой жадаем для саміх сябе», — адзначылі ў фондзе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусы сабралі больш за 14 тысяч эўра ў падтрымку музыкаў Tor BandПа стане на 23 лістапада ў Беларусі 1452 палітвязьні, прызнаныя праваабарончай супольнасьцю (паводле іншых падлікаў, колькасьць палітвязьняў можа быць большай). Акрамя таго, па стане на канец кастрычніка яшчэ каля 1300 палітвязьняў з 2020 году ўжо выйшлі на волю ў сувязі з адбыцьцём тэрміну пакараньня, зьмяненьнем меры стрыманьня, прызначэньнем у судзе пакараньня, не зьвязанага з пазбаўленьнем волі, або ў сувязі з памілаваньнем.