Анатоль Лябедзька паведаміў, што на яго вядуць справы паводле 6 крымінальных артыкулаў

Анатоль Лябедзька. Архіўнае фота

Сёлета Менскі гарадзкі суд вынес вырак у 3,5 года пазбаўленьня волі сыну палітыка, Арцёму Лябедзьку, якога абвінавацілі ў «фінансаваньні дзейнасьці экстрэмісцкага фармаваньня».

Крымінальныя справы паводле шасьці артыкулаў вядуцца ў дачыненьні да дарадцы Сьвятланы Ціханоўскай у канстытуцыйнай рэформе і міжпарлямэнцкім супрацоўніцтве Анатоля Лябедзькі.

Палітык паведаміў «Позірку», што гаворка пра:

  • арт. 356 («Здрада дзяржаве»),
  • ч. 1 арт. 357 («Змова або іншыя дзеяньні, учыненыя з мэтай захопу або ўтрыманьня дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам»),
  • ч. 3 арт. 361 («Заклікі да мераў абмежавальнага характару (санкцый), іншых дзеяньняў, накіраваных на прычыненьне шкоды нацбясьпецы Беларусі»),
  • ч. 1–3 арт. 3611 («Стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня або ўдзел у ім»),
  • ч. 2 арт. 3612 («Фінансаваньне экстрэмісцкай дзейнасьці, паўторна, або групай асоб па папярэдняй змове, або службовай асобай з выкарыстаньнем сваіх службовых паўнамоцтваў»),
  • арт. 3614 («Садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці») Крымінальнага кодэксу.


На сваёй старонцы ў Facebook Лябедзька напісаў, што атрымаў «частковы доступ» да інфармацыі аб заведзеных на яго крымінальных справах:

«Калі браць верхнюю планку, які прадугледжваецца кожным артыкулам тэрмін пакараньня, то атрымліваецца... 77 гадоў. На практыцы такога ня будзе, але ўяўленьне пра апэтыты і жаданьні недапракурораў, недасьледчых ёсьць завершанае, — адзначыў ён. — Што тут сказаць?! Ідэалягічныя і крэўныя спадчыньнікі энкавэдыстаў з 30-х прыўзьнялі века труны мінулага і маршыруюць па сёньняшняй Беларусі. Размахваючы перад мільёнамі беларусаў карт-бляншам на ўсёдазволенасьць і беспакаранасьць».

«Гэтае самавольства скончыцца, няма сумневаў. Але боль страт будзе адчувальным, а цана выдаткаў высокай. А што тычыцца прававога боку гэтых таксычных спраў, то ў любым судзе любой эўрапейскай краіны я б разьдзеў да сподняга ўсіх гэтых псэўдапракурораў, псэўдасьледчых і ліпавых судзьдзяў з наступнай забаронай займацца прафэсійнай дзейнасьцю», — дадаў палітык.

Аб перасьледзе ў крымінальным парадку Лябедзька паведамляў яшчэ ў студзені 2022 году. Ён знаходзіцца за мяжой.

24 жніўня сёлета Менскі гарадзкі суд вынес вырак у 3,5 года пазбаўленьня волі сыну палітыка, Арцёму Лябедзьку, якога абвінавацілі ў «фінансаваньні дзейнасьці экстрэмісцкага фармаваньня» (старая рэдакцыя арт. 3612 КК). Віны ён не прызнаў. Праваабаронцы прызналі яго палітвязьнем.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сына Анатоля Лябедзькі перавялі ў ізалятар, дзе сядзеў бацька: «Так званы суд разыграў чарговы спэктакль»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Анатоль Лябедзька пра прысуд сыну: Мне вельмі балюча, але я ганаруся ім
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Без суду. Што адбылося зь беларускай судовай сыстэмай пасьля жніўня 2020 году