На пасяджэньні міністраў замежных спраў Арганізацыі бясьпекі і супрацоўніцтва ў Эўропе (АБСЭ) намесьнік кіраўніка МЗС Беларусі Юры Амбразевіч адкінуў абвінавачаньні ў адрас Беларусі ў прымусовым перамяшчэньні і дэпартацыі дзяцей з акупаваных Расеяй рэгіёнаў Украіны.
«У дачыненьні да абвінавачаньняў або здагадак у гвалтоўным перамяшчэньні ці дэпартацыі дзяцей з Украіны. Тут адказ вельмі кароткі. Ніводнага прозьвішча нам ніхто не назваў. Мы чакаем».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У ЗША выйшла расьсьледаваньне, якое дакумэнтуе ролю Лукашэнкі ў незаконным перамяшчэньні ўкраінскіх дзяцей у БеларусьТаксама Амбразевіч зрэагаваў на абвінавачаньні Менску ў парушэньні правоў чалавека.
«У адказ на глыбокую заклапочанасьць шэрагу краін Эўрапейскага зьвязу захаваньнем правоў чалавека ў Беларусі адзначу, што ніхто ў гэтай залі з нашых крытыкаў не пераканае мяне ў тым, што сытуацыя з правамі чалавека ў іх краінах лепшая. Каб пераканацца ў гэтым, дастаткова азнаёміцца з вынікамі Унівэрсальнага пэрыядычнага агляду ў Радзе правоў чалавека ААН па кожнай з краін Захаду.
Калі і гэтага недастаткова, прапаную, каб мальтыйскае старшынства ўключыла ў праграму іх працы ў АБСЭ аналяг такога агляду для сяброў АБСЭ. Пачаць прапаную з Латвіі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эўрапейскі суд правоў чалавека заявіў, што расейскамоўных дзяцей у прыватных школах Латвіі не дыскрымінуюцьУ канцы свайго выступленьня Амбразевіч заявіў, што «эўрапейская бясьпека непадзельная з эўразійскай».
Расея блякуе ключавыя рашэньні АБСЭ, у тым ліку бюджэт групы. Дадатковую напружанасьць выклікаў удзел у саміце міністра замежных справаў Расеі Сяргея Лаўрова, ад чаго саміт байкатавалі Ўкраіна, Польшча і краіны Балтыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лаўроў у Скоп’і прыгразіў Малдове, што яна можа стаць «наступнай ахвярай»Польшча заявіла, што прысутнасьць Расеі на саміце «непрымальная».
Украіна хоча, каб АБСЭ выключыла Расею, як гэта зрабіла Рада Эўропы, папярэдзіўшы, што арганізацыі пагражае «павольная сьмерць», калі Масква застанецца ў яе складзе.
Пасьля поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну АБСЭ апублікавала некалькі справаздачаў аб магчымых ваенных злачынствах расейскіх узброеных сілаў і іх злачынствах супраць чалавечнасьці.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украіна, Польшча і краіны Балтыі байкатавалі сустрэчу ў АБСЭ на знак пратэсту супраць удзелу Расеі