Беларусь ад імя групы краін выступіла супраць міжнародных санкцыяў

Ілюстрацыйнае фота

На пленарным пасяджэньні Генэральнай канфэрэнцыі Арганізацыі Аб’яднаных Нацый у прамысловым разьвіцьці (UNIDO) у Вене дэлегацыя Беларусі падала сумесную заяву ад групы дзяржаваў з асуджэньнем «практыкі ўжываньня аднабаковых прымусовых захадаў».

Пад «прымусовымі захадамі», як можна зразумець з паведамленьня БелТА, маюцца на ўвазе санкцыі.

Суаўтарамі заявы, акрамя Беларусі, выступілі Кітай, Расея, Вэнэсуэла, Іран, КНДР, Куба, Нікарагуа, Сырыя і, як называе яе БелТА, «Дзяржава Палестына».

Аўтары заявы лічаць, што «аднабаковыя прымусовыя меры ёсьць умяшаньнем у сувэрэнныя справы іншых дзяржаваў», «ствараюць перашкоды для поўнай рэалізацыі права на разьвіцьцё, нясуць пагрозу ўзмацненьня структурных праблемаў у сусьветнай эканоміцы і падрываюць глябальную харчовую і энэргетычную бясьпеку».

Таксама ў заяве адзначаецца, што «аднабаковыя прымусовыя меры ёсьць характэрнаю рысаю так званага (...) сусьветнага парадку, які навязваецца міжнароднай супольнасьці абмежаванай колькасьцю краінаў».

Практычна ўсе дзяржавы, якія выступілі суаўтарамі заявы, з тых ці іншых прычынаў знаходзяцца пад міжнароднымі санкцыямі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская сустрэлася з прэзыдэнтам і сьпікеркай парлямэнту Латвіі, прапанавала прызнаць КДБ і ГУБАЗіК датычнымі да тэрарызму
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украіна ўвяла санкцыі супраць трох беларускіх прадпрыемстваў і дырэктара Беларускай чыгункі