Як гаворыцца ў апублікаваным сёньня расьсьледаваньні БРС, хоць рэстаранны бізнэс — ня самая відавочная сфэра бізнэс-інтарэсаў «Прэзыдэнцкага спартовага клюбу», аублікацыя дае ўяўленьне пра маштаб карупцыі.
Так, сувязь з прэзыдэнцкім «Клюбам тэніса» адыграла не апошнюю ролю ў бізнэсе двух сталічных рэстаратараў — Івана Малько і Ільлі Рыбакова. Іх справы пайшлі ў гару менавіта пасьля працы ў клюбе і знаёмства са сваяком Лукашэнкі Ўладзімерам Кулаковым.
Па словах крыніцы з блізкага атачэньня Малько, у 2000-х гадах Малько валодаў кортамі. «Корты гэтыя былі на Севастопальскім парку, і ён гэтыя корты ў 2000 годзе вельмі дорага прадаў „Прэзыдэнцкаму спартыўнаму клюбу“. І тады вось, з таго моманту, ён пачаў добра размаўляць з Віцем [Лукашэнкам]. Ён меў зносіны добра і зь Дзімам [Лукашэнкам]».
Іншая крыніца БРЦ, знаёмая з Іванам Малько, сьцьвярджае, што той «ахвотна распавядаў пра сяброўства з сынамі Аляксандра Лукашэнкі: «Дарослыя дзядзькі, а ня толькі дзяўчынкі сядзелі, разявіўшы рот, і слухалі, як Іван, які ён сябар [Лукашэнка], як ён уваходзіць ва ўсе дамы і лазьні, паездкі і іншыя рэчы».
У расьсьледваньні БРЦ фігуруе і Анатоль Садоўскі, якога называюць «кіраўніком вядомага сталічнага бізнэс-кляну».
«Пасьля таго як Садоўскія пачалі працаваць з Уладзімерам Кулаковым (сваяком Лукашэнкі — РС), новыя кампаніі і рэстараны адчыняліся амаль кожны год, — паведамляе БРЦ. — Gan Bei і Golden Coffee Садоўскага разьмяшчаліся ў сталічным ТРЦ Green City, яшчэ адзін Gan Bei — у ТРЦ Dana Mall. У 2022 годзе бізнэсовец прадаў гэтыя актывы свайму партнэру Сяргею Пушнаму. Dana Mall — гэта актыў «кашалькоў» Лукашэнкі братоў Карычаў, дзе ў тым ліку разьмешчаная галерэя Ліліі Лукашэнкі, жонкі старэйшага сына Аляксандра Лукашэнкі Віктара. А Green City да 2018 года валодаў «Прэзыдэнцкі спартовы клюб».
Акрамя ўсяго пералічанага вышэй сувязі з прэзыдэнцкім спартклюбам могуць даваць яшчэ адзін прывілей — стабільнасьць. Для менскіх рэстаратараў праблемнай можа быць пазыцыя арандатара, калі ўладальнік або саўладальнік памяшканьня — дзяржава. Але з бізнэсоўцаў, датычных да «Прэзыдэнцкага спартовага клюбу», такіх праблемаў не ўзьнікае.
Цалкам расьсьледаваньне БРЦ можна прачытаць тут.