У сваёй заяве Бурэль адзначыў, што сілавікі Лукашэнкі правялі ператрусы ў кватэрах «ключавых фігур дэмакратычных сіл Беларусі ды іх родных» і анансавалі арышт іх маёмасьці ды актываў. На думку Бурэля, гэтыя дзеяньні «скіраваныя на тое, каб запалохаць і прыбраць патэнцыйных палітычных апанэнтаў, у прыватнасьці напярэдадні парлямэнцкіх выбараў у лютым 2024 году».
«Эўрапейскі зьвяз асуджае захады супраць прадстаўнікоў дэмакратычных сіл Беларусі ды іх сваякоў. Гэтыя напады ёсьць новай ганебнай праявай рэпрэсій і злоўжываньня ўладай з боку Лукашэнкі і яго рэжыму.
ЭЗ будзе і далей падтрымліваць усіх, хто мужна выступае за незалежную і дэмакратычную Беларусь, і гатовы прыняць далейшыя меры ў адказ на сур’ёзныя парушэньні правоў чалавека, якія працягваюцца», — заявіў Жузэп Бурэль.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У «справе Каардынацыйнай рады» звыш 100 падазраваных. У іх хочуць сканфіскаваць маёмасьць у БеларусіАд імя краінаў Эўразьвязу ён таксама заклікаў рэжым Лукашэнкі «ўстрымацца ад любых далейшых рэпрэсіяў і гвалту ў дачыненьні да народу Беларусі ды неадкладна і без умоваў вызваліць усіх палітвязьняў».
«Грамадзяне Беларусі заслугоўваюць, каб іх прадстаўлялі свабодна выбраныя на празрыстых, свабодных і справядлівых выбарах», — дадаў ён.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Для чаго спатрэбілася «дзікае паляваньне» на Каардынацыйную раду- 28 лістапада ў Беларусі адбыўся шэраг ператрусаў у людзей, зьвязаных з Каардынацыйнай радай. ГУБАЗіК правёў ператрус у аналітыка і сябра КР Сяргея Чалага, у Паўла Латушкі ды іншых сяброў каманды «НАУ», у кватэры прэс-сакратаркі Ціханоўскай Ганны Красулінай. Усе яны знаходзяцца за мяжой. Сілавікі прыходзілі да людзей з пастановамі на ператрус паводле 6 артыкулаў Крымінальнага кодэксу.
- У Сьледчым камітэце Беларусі ператрусы патлумачылі тым, што ў справе аб «радыкальных ячэйках», якія імкнуліся «захапіць дзяржаўную ўладу» ў Беларусі, ёсьць новыя імёны, якіх сьледзтва раней ня ведала і што агулам колькасьць падазраваных перавысіла 100 чалавек.
- Сьпіс асобаў нібыта перадаў СК адзін з колішніх сяброў Каардынацыйнай рады, які прыехаў назад у Беларусь з дапамогай так званай камісіі па вяртаньні. У прэс-службе Каардынацыйнай рады заявілі, што праводзяць вэрыфікацыю сяброў КР, каб спраўдзіць інфармацыю СК.