У сустрэчы прынялі ўдзел амбасадары і дыпляматы з наступных краінаў: Армэнія, Баўгарыя, Бэльгія, Вялікая Брытанія, Вугоршчына, Гішанія, Грэцыя, Данія, Ізраіль, Ірляндыя, Італія, Канада, Кіпр, Латвія, Люксэмбург, Малдова, Нарвэгія, Нідэрлянды, Нямеччына, Польшча, Румынія, Фінляндыя, Францыя, Харватыя, Чэхія, Швэцыя, Эстонія, Японія.
Падчас сустрэчы Ціханоўская расказала пра сытуацыю зь беларускімі палітвязьнямі:
«Ходзяць чуткі пра сьмерць лідэра беларускіх сацыял-дэмакратаў Мікалая Статкевіча. Ягоная жонка патрабуе сустрэчы зь ім, каб ведаць, што ён жывы. За гэты год у турмах памерлі некалькі палітвязьняў, у тым ліку вядомы беларускі мастак Алесь Пушкін. Больш за 100 чалавек знаходзяцца ў крытычным стане», — сказала Ціханоўская.
Яна папрасіла дыпляматаў публічна запатрабаваць доступу да палітвязьняў, іх неадкладнага вызваленьня, а таксама заклікаць інстытуты ААН зьвярнуць увагу на гэтую сытуацыю.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Праваабаронцы прызналі палітвязьнямі яшчэ 6 чалавек. У чым іх абвінавацілі ўладыПадчас сустрэчы Ціханоўская падкрэсьліла важнасьць кампаніі «Эўрапейская будучыня Беларусі — Эўрапейскі Зьвяз», пад знакам якой будзе праходзіць 2024 год.
«Сёньня нам не патрэбныя абяцаньні сяброўства; пра гэта гаварыць заўчасна. Але мы можам пачаць рыхтаваць, напрыклад, пагадненьне аб асацыяцыі. Нам патрэбен сыгнал аб тым, што дзьверы Эўропы будуць адчыненыя для нашай краіны ў будучыні. Мы павінны паказаць беларусам усе перавагі быць з Эўропай, а не з Расеяй», — заявіла Ціханоўская.
Таксама гаварылі пра падтрымку беларускіх палітвязьняў, спартоўцаў, рэпрэсаваных рэжымам, пра пытаньні легалізацыі беларусаў і выдачу пашпартоў іншаземца. Ціханоўская расказала пра распрацоўку новага беларускага пашпарта, а таксама пра апошнюю хвалю вобшукаў у актывістаў дэмакратычнага руху.
Сустрэчу арганізавала амбасада Гішпаніі ў Вільні, якая цяпер старшынюе ў ЭЗ.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская сустрэлася з прэзыдэнтам і сьпікеркай парлямэнту Латвіі, прапанавала прызнаць КДБ і ГУБАЗіК датычнымі да тэрарызму