Страты расейскай арміі з пачатку поўнамаштабнага ўварваньня ва Ўкраіну перавысілі 300 тысяч чалавек забітымі і параненымі, прыводзіць DW словы генсакратара NATO Енса Столтэнбэрга.
«У ваенных адносінах Расея страціла значную частку сваіх звычайных узброеных сілаў», — падкрэсьліў Столтэнбэрг у Брусэлі 29 лістапада пасьля заканчэньня сустрэчы міністраў замежных справаў дзяржаваў NATO, у якой удзельнічаў таксама кіраўнік МЗС Украіны Дзьмітро Кулеба.
Ён не ўдакладніў, колькі з 300 тысяч чалавек былі забітыя, а колькі атрымалі раненьні. Аб ацэнках NATO стратаў з украінскага боку таксама не паведамляецца, адзначае агенцтва dpa.
Акрамя таго, Расея страціла «сотні самалётаў і тысячы танкаў», сказаў генсакратар Паўночнаатлянтычнага альянсу.
Гаворачы пра страты Расеі, Столтэнбэрг перасьцярог ад надзеяў на тое, што вялікія страты прывядуць да хуткага завяршэньня вайны ва Ўкраіне. Паводле яго, у прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна «высокі парог талерантнасьці», калі размова ідзе пра ахвяраў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Агульныя страты бакоў на вайне ва Ўкраіне дасягаюць паўмільёна — The New York Times- Колькі ўсяго вайскоўцаў загінулі з пачатку расейскага ўварваньня ва Ўкраіну, дакладна невядома. Расея і Ўкраіна афіцыйна не агучваюць страты сярод сваіх вайскоўцаў.
- Журналісты «Медиазоны» і расейскай службы BBC па стане на 17 лістапада паводле адкрытых крыніц паіменна пацьвердзілі гібель 37 052 расейскіх вайскоўцаў. Гэтыя дадзеныя ўлічваюць толькі страты, пацьверджаныя сваякамі, чыноўнікамі, СМІ ці фатаздымкамі з могілак. Паводле журналістаў, колькасьць забітых расейскіх вайскоўцаў ва Ўкраіне праз год пасьля ўварваньня перавысіла афіцыйныя страты Савецкага Саюзу ў вайне ў Афганістане за 9 гадоў.
- Адміністрацыя ЗША ў жніўні ацэньвала страты расейскага боку ў 120 тысяч чалавек загінулымі і яшчэ ў 170-180 тысяч параненымі, пісала тады газэта The New York Times са спасылкай на свае крыніцы. Украінскія страты амэрыканская выведка ацэньвала тады ў 70 тысяч забітымі і 120 тысяч параненымі.