Прыходзілі сёньня і ў кватэру, дзе калісьці жыў кіраўнік Руху «За Свабоду», кіраўнік фракцыі КР «Грамадзянскае дзеяньне» Юры Губарэвіч. Як расказаў палітык, пад гэтым адрасам ён дагэтуль зарэгістраваны, але не жыве там ужо больш за 2 гады.
«Тым ня менш гэта фармальная нагода. Калі ёсьць нейкі сьпіс, то я ў гэтым сьпісе фігурую і ім трэба кудысьці прыйсьці. Даехаць у Польшчу, дзе я цяпер знаходжуся, у іх няма магчымасьці, дык ходзяць па Беларусі, па кватэрах тых людзей, якія, на жаль, зьехалі з краіны», – сказаў Губарэвіч.
На думку палітыка, сілавікоў цікавіла маёмасьць. Яны зацікаўленыя арыштам маёмасьці вядомых дзеячаў дэмакратычнай супольнасьці, каб яе сканфіскаваць. Сам Губарэвіч кажа, што сваю маёмасьць ён распрадаў перад тым, як пакінуць Беларусь.
Цалкам глядзіце размову ў відэафармаце:
Палітык таксама нагадвае, што ў працэсе скліканьня другога складу Каардынацыйнай рады, адной з умоваў удзелу ў ёй было не знаходзіцца ў Беларусі. Таму ператрусы і пагромы ў кватэрах дзеячоў рады Губарэвіч называе сымбалічнай акцыяй запалохваньня.
«Ня маючы магчымасьці затрымаць, пасадзіць, прымусіць замаўчаць, прыпыніць дзейнасьць, яны робяць падобныя ператрусы. Прычым гэта такая кампанейшчына. Яна магла мець эфэкт на самым пачатку, але да гэтай сытуацыі людзі, на жаль, ужо прызвычаіліся. У тым ліку і тыя, хто ў Беларусі. Калі б такія акцыі мелі эфэкт, то рэжым бы ўжо супакоіўся, атрымаўшы поўны кантроль над думкамі і паводзінамі беларусаў. Але, як бачым, гэтага не адбылося, таму запалохваньні і рэпрэсіі працягваюцца», – кажа Юры Губарэвіч.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У «справе Каардынацыйнай рады» звыш 100 падазраваных. У іх хочуць сканфіскаваць маёмасьць у БеларусіСілавікі прыходзяць да людзей з пастановамі на ператрус паводле шасьці артыкулаў Крымінальнага кодэксу.
- здрада дзяржаве (арт. 356 КК);
- змова або іншыя дзеяньні з мэтай захопу дзяржаўнай улады (арт. 357 КК);
- заклікі да мераў абмежавальнага характару (санкцыяў), іншых дзеяньняў, накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусь (арт. 361 КК);
- стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня альбо ўдзел у ім (арт. 361-1);
- фінансаваньне экстрэмісцкай дзейнасьці (арт. 361-2 КК);
- садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці (арт. 361-4 КК).