Пра гэта паведамляе агенцтва «Позірк».
«Рэжым вядзе сапраўднае паляваньне на беларусаў, якія кожны дзень працуюць дзеля пераменаў у краіне, і запалохвае іх сваякоў. Але тады, паводле лёгікі рэжыму, у Беларусі кожны трэці — тэрарыст і злачынец», — цытуе Ціханоўскую яе прэсавая служба.
Паводле палітыка, Лукашэнка «працягвае ціснуць на ўсіх нас за тое, што, нават знаходзячыся ў выгнаньні, мы ўсё роўна працягваем працу».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У «справе Каардынацыйнай рады» звыш 100 падазраваных. У іх хочуць сканфіскаваць маёмасьць у Беларусі«Нас называюць тэрарыстамі, выстаўляюць пагрозай для грамадзтва, бяруць у закладнікі нашых блізкіх. Але сапраўдныя злачынцы — зусім не актывісты ў выгнаньні, а тыя, хто працягвае ператвараць Беларусь у турму. Тыя, хто сілай зьнішчаюць любое іншадумства. Таму я прашу вас паклапаціцца пра сваю бясьпеку і бясьпеку блізкіх. Людзі — нашая галоўная каштоўнасьць», — адзначыла Ціханоўская.
Яна заклікала беларусаў, якія знаходзяцца ў эміграцыі, зьвязацца са сваякамі, якія застаюцца ў краіне: «Патэлефануйце і паспрабуйце іх супакоіць, удакладніць, ці патрэбная ім дапамога. Праверце, ці можаце вы хоць чымсьці дапамагчы тым, хто ўжо трапіў у бяду ці баіцца трапіць. Разам куды лягчэй перамагчы паніку і знайсьці шляхі вырашэньня праблемаў».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Адных пакараць, другіх запалохаць. Што стаіць за новай спэцапэрацыяй улады супраць Каардынацыйнай рады«Калі ласка, не забывайце і пра тых, хто ўжо апынуўся за кратамі, і іх сваякоў. Мае дарагія, мы павінны трымацца разам і працягваць працу, каб пакласьці канец гэтай сваволі і прыцягнуць усіх вінаватых да адказнасьці», — рэзюмавала дэмакратычная лідэрка.
28 лістапада прайшла хваля ператрусаў па месцах беларускай рэгістрацыі і ў сваякоў прадстаўнікоў дэмакратычных сілаў Беларусі, зьвязаных з Каардынацыйнай радай па ўрэгуляваньні палітычнага крызісу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Менску прайшлі ператрусы ў сяброў Каардынацыйнай рады, якія выехалі за мяжуВядома, што ператрусы прайшлі ў кіраўніка «Народнага антыкрызіснага ўпраўленьня» (НАУ) Паўла Латушкі і супрацоўнікаў НАУ, прэсавай сакратаркі Ціханоўскай Ганны Красулінай, кіраўніка руху «За свабоду» Юрася Губарэвіча, аналітыка, эканаміста Сяргея Чалага, былога кіраўніка арганізацыі «Малады фронт» Артура Фінькевіча, аднаго з прадстаўнікоў народных амбасадаў Беларусі і дэлегата КР ад арганізацыі «Беларусы замежжа» Міхаіла Таўбе.
Сьледчы камітэт паведаміў, што ў справе ў якасьці падазраваных праходзіць больш за 100 чалавек. Ім інкрымінуюцца ч. 1 арт. 357 («Змова ці іншыя дзеяньні з мэтай захопу дзяржаўнай улады») і ч. 3 арт. 3611 («Стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня альбо ўдзел у ім») Крымінальнага кодэксу.
Што такое Каардынацыйная рада
- Каардынацыйная рада створаная ў Менску ўлетку 2020 году. Арганізацыя паставіла сабе за мэты «пераадоленьне палітычнага крызісу ў Беларусі» і «абарону сувэрэнітэту і незалежнасьці краіны».
- Частка кіраўнікоў і заснавальнікаў КР, як Марыя Калесьнікава, Максім Знак і іншыя, апынуліся за кратамі. Частка арганізатараў і ўдзельнікаў выехалі за мяжу, некаторыя спынілі палітычную дзейнасьць.
- 9 жніўня 2022 году адбылася рэарганізацыя Рады. Асноўнай яе задачай стала распрацоўка «праграмных і стратэгічных дакумэнтаў, арганізацыя абмеркаваньня грамадзка значных пытаньняў, міжнароднае супрацоўніцтва, а таксама падрыхтоўка і абмеркаваньне канцэпцыяў разьвіцьця Беларусі»
- На пачатку лютага 2023 году апублікаваны склад «рэфармаванай» Каардынацыйнай рады. Сярод іншага, да яе далучыліся грамадзкая дзяячка Сьвятлана Мацкевіч, бізнэсовец Аляксандар Кныровіч, лідэрка ініцыятывы «Честные люди» Алена Жываглод, прадстаўнікі Офісу адукацыі для «новай Беларусі», Free Belarus Center, ZUBR, BEROC, «Задзіночаньня беларускіх студэнтаў» і іншых арганізацыяў.
- ІІ скліканьне гэтай палітычнай структуры (9 лютага 2023) складаецца з 25 чальцоў асноўнага складу КР І скліканьня (19 жніўня 2020), 15 самавылучэнцаў, а таксама 75 дэлегатаў ад арганізацыяў грамадзянскай супольнасьці і дэмакратычных сілаў (па 15 ад пяці тэматычных сэктараў — «палітычныя арганізацыі», «правы чалавека, моладзь і экалёгія», «адукацыя, культура і мэдыя», «мясцовыя супольнасьці, прафсаюзы і бізнэс», «дыяспары»).
- Тэрмін паўнамоцтваў ІІ скліканьня Рады — адзін год з дня правядзеньня першага ўстаноўчага сходу (8 лютага 2023 году) пасьля фармаваньня поўнага складу.
- Дэлегатаў трэцяга і наступных скліканьняў будуць выбіраць грамадзяне Беларусі «на аснове ўсеагульнага, прамога, роўнага і тайнага галасаваньня». У склад Рады трэцяга скліканьня будзе абрана 80 дэлегатаў, тэрмін паўнамоцтваў — 2 гады. Тэхнічна забясьпечваць працэс галасаваньня мае каманда ІТ-плятформы «Новая Беларусь».
- Улады Беларусі прызналі КР «экстрэмісцкім фармаваньнем».
- 28 лістапада 2023 у Беларусі прайшлі ператрусы ў сяброў арганізацыі і людзей, якіх сілавікі падазраюць у датычнасьці да КР. Старшыня КР Андрэй Ягораў заявіў, што дзеяньні рэжыму яскрава дэманструюць важнасьць для беларусаў маючых адбыцца выбараў у Раду.
- З 25 па 27 траўня адбыліся выбары ў ІІІ скліканьне Каардынацыйнай рады. Яны праходзілі онлайн з дапамогай праграмы шыфраваньня зьвестак.
- Напярэдадні выбараў за рассылку падпісантам чат-боту «Перамога» з гонкі зьнялі сьпіс «Закон правапарадак» на чале з Аляксандрам Азаравым. Скандал пачаўся ня толькі праз падобны сродак агітацыі, але і праз тое, што апавяшэньні прыходзілі людзям, якія даўно заблякавалі або выдалілі бот, што магло падставіць людзей, якія жывуць у Беларусі.
- У сьпісе Розы Турарбекавай «Наша справа» ў апошні момант адбыліся вымушаныя зьмены. Пасьля зьняцьця са сьпісу дзьвюх жанчын кіраўніца аб'яднаньня мусіла выкрэсьліць са сьпісу і двух паплечнікаў-мужчын, каб адпавядаць гендарным квотам, уведзеным на выбары. Сам сьпіс раскрытыкаваў факт гендарных квотаў.