Прадстаўнік ХАМАС пацьвердзіў агенцтву Reuters працяг угоды. Афіцыйнага пацьверджаньня ад ізраільскага боку пакуль не паступала. Паводле папярэдняй дамоўленасьці паўза мела скончыцца ў ноч на аўторак.
Працяг паўзы дапаможа вызваліць больш грамадзянаў Ізраілю і іншаземцаў, узятых ХАМАС у закладнікі падчас нападаў 7 кастрычніка. Ізраіль у адказ адпускае з турмаў палестынцаў, асуджаных за дачыненьне да тэрарызму. Акрамя таго, паўза дазваляе даставіць у сэктар Газа гуманітарную дапамогу: ежу, ваду, мэдыкамэнты і паліва.
Ізраіль не вядзе перамоваў з ХАМАС наўпрост. Пасярэднікамі выступаюць інстанцыі Катару, Эгіпту і часам ЗША.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ХАМАС вызваліў яшчэ 17 закладнікаў у абмен на 39 зьняволеных з ізраільскіх турмаўПадчас цяперашняй чатырохдзённай гуманітарнай паўзы, якая пачалася ў пятніцу, ХАМАС за тры дні вызваліў 58 закладнікаў. Гэта ізраільскія жанчыны і дзеці, а таксама іншаземцы. Ізраіль, з свайго боку, выпусьціў больш за 100 палестынскіх зьняволеных — жанчын і падлеткаў. Абмен чацьвёртай групы ізраільскіх закладнікаў на палестынскіх зьняволеных чакаецца сёньня ўвечары.
Ізраільскі бок ня раз удакладняў, што ідзецца менавіта аб паўзе, а не аб замірэньні, і пасьля яе заканчэньня Армія абароны Ізраілю адновіць баявыя дзеяньні да поўнага зьнішчэньня ХАМАС у сэктары Газа.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ААН даставіла ў Газу найбольшы з пачатку вайны аб’ём гуманітарнай дапамогі