Ва Ўкраіну вярнулася скіфскае золата, за якое Расея судзілася пасьля анэксіі Крыму

Фрагмэнт экспазыцыі ўкраінскай калекцыі ў археалягічным музэі Амстэрдамскага ўнівэрсытэту (Нідэрлянды) у жніўні 2014 году. Архіўнае фота

Адмыслоўцы ўкраінскай мытні пачалі мытнае афармленьне калекцыі.

Калекцыя скіфскага золата, якую Нідэрлянды вярнулі ва Ўкраіну, будзе знаходзіцца ў Нацыянальным музэі Ўкраіны ў Кіева-Пячорскай лаўры.

Як паведаміла Дзяржаўная мытная служба, яе адмыслоўцы пачалі мытнае афармленьне калекцыі.

«Проста цяпер грузавік з 2694 кіляграмамі культурных каштоўнасьцяў, вядомых пад агульнай назвай „Скіфскае золата“ заехаў на тэрыторыю Кіева-Пячорскай лаўры, дзе ў скарбніцы Нацыянальнага музэю Ўкраіны супрацоўнікі Кіеўскай мытні будуць ідэнтыфікаваць каштоўнасьці», — адзначаецца ў паведамленьні Дзяржаўнай мытнай службы.

Што папярэднічала

Выканаўца абавязкаў міністра культуры Ўкраіны Расьціслаў Карандзееў 22 лістапада паведаміў аб дасягненьні дамоўленасьці з археалягічным музэем Амстэрдамскага ўнівэрсытэту (Нідэрлянды) аб вяртаньні калекцыі скіфскага золата, якую вывезьлі для экспанаваньня да анэксіі Расеяй Крыму.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украіна дамовілася зь Нідэрляндамі аб вяртаньні скіфскага золата, вывезенага з Крыму 9 гадоў таму

Калекцыя «Скіфскае золата» з 2014 году экспанавалася на выставе «Крым — залаты востраў у Чорным моры». Разам з гэтымі каштоўнасьцямі ва Ўкраіну вернуцца калекцыі з чатырох крымскіх музэяў — Цэнтральнага музэю Таўрыды, Керчанскага гісторыка-культурнага запаведніка, Бахчысарайскага гісторыка-культурнага запаведніка і нацыянальнага запаведніка «Херсанэс Таўрыдзкі».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Суд Амстэрдама пастанавіў вярнуць «скіфскае золата» ва Ўкраіну. Зяленскі: «Спачатку золата, а потым і Крым»

У кастрычніку 2021 году Апэляцыйны суд Амстэрдаму вырашыў, што калекцыя скіфскага золата, вывезеная з Крыму да анэксіі паўвострава Расеяй у 2014 годзе, мае вярнуцца ва Ўкраіну, і такім чынам пацьвердзіў рашэньне, ухваленае 14 сьнежня 2016 году судом Амстэрдаму.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дырэктарка Музэяў Крамля падтрымала рашэньне аддаць Украіне скіфскае золата