Кніга прафэсара Інстытуту гісторыі навукі Польскай акадэміі навук Славаміра Лотыша «Пінскія балоты» атрымала Гістарычную прэмію горада Варшавы імя Казімежа Мачарскага, піша Polskie Radio.
Выданьне прадстаўляе Палесьсе часоў ІІ Рэчы Паспалітай у аспэкце важнасьці гэтай тэрыторыі для аховы навакольнага асяродзьдзя; апісвае адносіны паміж прыродай, тэхналёгіямі і палітыкай.
Цырымонія ўручэньня прэміі адбылася ў Нацыянальнай бібліятэцы ў Варшаве. Славамір Лотыш (Sławomir Łotysz) прызнаў, што першапачаткова плянаваў апісаць даваеннае Палесьсе ў кантэксце канфлікту сучаснасьці і прыроды:
«Цягам працы над кнігай я стаў заўважаць, што там значна больш розных адносінаў — палітычных, грамадзкіх, эканамічных. Аднак ва ўсіх зь іх адным зь лейтматываў была прырода, якой аўтары ранейшых публікацый ніколі не закраналі».
- Гістарычная прэмія сталічнага горада Варшава імя Казімежа Мачарскага была заснавана ў сьнежні 2018 года і зьяўляецца працягам прэміі, якая ўручаецца з 2009 году за найлепшую кнігу, прысьвечаную найноўшай гісторыі Польшчы.
- Казімеж Мачарскі быў журналістам, пісьменьнікам і капітанам Арміі Краёвай. Ён быў аўтарам вядомай кнігі «Размовы з катам», у якой расказаў пра час, праведзены ў турме разам зь нямецкім ваенным злачынцам Юргенам Стропам, адказным за крывавае задушэньне паўстаньня ў Варшаўскім гета.