Старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Беларусі Ігар Карпенка заявіў, што ў якасьці міжнародных назіральнікаў на выбары 25 лютага 2024 году плянуюць запрасіць сваіх калег з СНД, а таксама з Усясьветнай асацыяцыі выбарчых органаў.
«Часта ставяць пытаньне, мо нам увогуле адмовіцца ад міжнароднага назіраньня. Я не лічу, што гэта будзе правільна. Усё ж мы ў першую чаргу разглядаем міжнароднае назіраньне як форму зносін, узаемадзеяньня экспэртаў у гэтай галіне, прафэсіяналаў у гэтай вобласьці. Гэта вельмі важна з пункту гледжаньня далейшага разьвіцьця і дзяржаўнага будаўніцтва, і ў цэлым сыстэмы выбарчай», — сказаў Ігар Карпенка ў інтэрвію тэлеканалу АНТ.
Паводле яго, ЦВК плянуе запрасіць прадстаўнікоў цэнтральных выбарчых камісій краін СНД.
«Таксама плянуем запрасіць калег з Усясьветнай асацыяцыі выбарчых органаў, штаб-кватэра гэтай арганізацыі знаходзіцца ў Паўднёвай Карэі. Асацыяцыя гэта аб’ядноўвае каля 111 краін сьвету, штогод адбываюцца кангрэсы гэтай арганізацыі, мы там актыўна ўдзельнічаем. Іншыя суб’екты маюць права запрасіць тых, каго яны палічаць патрэбнымі, уключаючы місіі», — дадаў ён.
Як вынікае з заявы Ігара Карпенка, Беларусь ня будзе запрашаць місію АБСЭ, бо гэтая арганізацыя «ўжо задоўга да правядзеньня выбараў робіць нэгатыўныя высновы ў цэлым па краіне».
«Ужо недзе ў траўні на сайце АБСЭ зьявілася справаздача аб пагрозе людзкому вымярэньню ў Беларусі пасьля 2020 году. Разумееце, цынічнасьць увогуле самога фармуляваньня — пагроза людзкому вымярэньню — яна відавочная. Беларусь, дзе цяпер мірна, спакойна, стабільна... Беларусь, дзе людзі спакойна працуюць», — адзначыў старшыня ЦВК Беларусі.
Паводле яго, АБСЭ ня бачыць «шэраг лякальных канфліктаў» або «замоўчвае істотныя прычынна-выніковыя сувязі тых ці іншых канфліктаў».
«Мы ня супраць гэтай арганізацыі, мы ў складзе гэтай арганізацыі, узаемадзейнічаем. Невыпадкова не адзін раз ставілі пытаньне, што патрэбна выпрацаваць нейкія адзіныя стандарты, якія б былі паўсюль аднолькавыя. Так выходзіць, што некаторым сувэрэнітэт трэба абавязкова забясьпечваць, а некаторым дзяржавам можна можна таптаць гэты сувэрэнітэт, нахабна ўмешваючыся ва ўнутраныя справы гэтых сувэрэнных дзяржаў. Вядома ж, гэта недапушчальна», — патлумачыў Ігар Карпенка.
Старшыя ЦВК падкрэсьліў, што Беларусь у першую чаргу правозіць выбары для сябе і задача ЦВК — стварыць умовы, каб выбарнікі маглі свабодна прыйсьці на выбарчыя ўчасткі і прагаласаваць.
Выбары ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу 8-га скліканьня і мясцовыя саветы дэпутатаў 29-га скліканьня ўпершыню пройдуць у адзіны дзень галасаваньня, якім вызначаны 25 лютага 2024 году.
Выбары ў Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу 8-га скліканьня адбудуцца 4 красавіка 2024 году. Вылучэньне кандыдатаў у члены СР мясцовымі саветамі дэпутатаў, выканаўчымі і распарадчымі органамі павінна адбыцца не пазьней за 21 сакавіка 2024-га.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Карпенка расказаў, як улады зьбіраюцца праводзіць галасаваньне 25 лютага 202421 лістапада на пасяджэньні Сталай рады Арганізацыі бясьпекі і супрацоўніцтва ў Эўропе (АБСЭ), якое прайшло ў Вене, Расея і Беларусь наклалі вэта на зацьвярджэньне Эстоніі ў якасьці наступнага старшыні АБСЭ ў 2024 годзе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь і Расея заблякавалі абраньне Эстоніі старшынёй АБСЭМінулыя выбары прэзыдэнта Беларусі адбыліся 9 жніўня 2020 году. Вынікі, абвешчаныя Цэнтральнай выбарчай камісіяй, выклікалі масавыя акцыі пратэсту, якія ўлады жорстка задушылі. Краіны Эўразьвязу, ЗША, Вялікая Брытанія і Канада не прызналі вынікаў галасаваньня.
Пасьля жорсткага разгону акцый пратэсту заходнія краіны пачалі ўводзіць санкцыі, якія ўзмацніліся пасьля таго, як рэжым Аляксандра Лукашэнкі падтрымаў расейскае ваеннае ўварваньне ва Ўкраіну.
Што трэба ведаць пра Адзіны дзень галасаваньня – 2024
- 25 лютага 2024 году ў Беларусі праходзіць так званы Адзіны дзень галасаваньня, у рамках якога выбіраюць дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу 8-га скліканьня і дэпутатаў мясцовых саветаў 29-га скліканьня.
- Пратаколы з камісій павінны паступіць у ЦВК не пазьней за 29 лютага.
- Датэрміновае галасаваньне праходзіла з 20 па 24 лютага. ЦВК заявіла, што за 5 дзён датэрмінова прагаласавалі 41,71% грамадзян, якія ўключаныя ў сьпісы для галасаваньня.
- Парог яўкі на гэтых выбарах адменены — яны адбудуцца пры любой колькасьці выбарнікаў. Незалежных назіральнікаў на выбарах няма, як і апазыцыйных кандыдатаў. Прозьвішчы сябраў выбарчых камісіі засакрэчаныя. На ўчастках узмацнілі ахову.
- Перадвыбарная агітацыя праходзіла з 31 студзеня па 24 лютага, рэгістрацыя кандыдатаў — з 16 студзеня да 30 студзеня.
- Прадстаўнікі кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» падкрэсьлілі, што ў сувязі з рэпрэсіўнымі рызыкамі будзе працаваць экспэртная місія, а не «клясычнае» назіраньне, якое ажыцьцяўлялася падчас ранейшых кампаній.
- Палітычны аглядальнік Валер Карбалевіч лічыць, што Лукашэнка разглядае выбары як «ваенную апэрацыю». Ён упэўнены, што абсалютная большасьць як сярод прыхільнікаў, так і сярод праціўнікаў Лукашэнкі выдатна разумее, што ў сёньняшніх умовах гэта суцэльная імітацыя.
- Улады вырашылі не запрашаць АБСЭ для назіраньня празь Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека (БДІПЧ). АБСЭ cкрытыкавала ўлады Беларусі за гэтую адмову.
- Кіраўнік штабу місіі назіральнікаў ад СНД Леанід Анфімаў заявіў, што ў Вярхоўны суд падалі 6 скаргаў аб выбарах. Назіральнікі ад СНД прапанавалі іх лічыць «неабгрунтаванымі».
- Выбары ў Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу 8-га скліканьня адбудуцца 4 красавіка 2024 году. Вылучэньне кандыдатаў у члены СР мясцовымі саветамі дэпутатаў, выканаўчымі і распарадчымі органамі павінна адбыцца не пазьней за 21 сакавіка 2024-га.
- Электаральная кампанія праходзіць на фоне маштабных рэпрэсій і зачысткі палітычнага поля ад апазыцыі. Незалежных назіральнікаў на выбарах няма: Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека Арганізацыі па бясьпецы і супрацоўніцтве ў Эўропе (БДІПЧ АБСЭ) запрашэньня не атрымала.
- На гэтых выбарах няма і апазыцыйных кандыдатаў — да выбараў дапусьцілі толькі ляяльных рэжыму кандыдатаў. Паводле кіраўніка ЦВК Ігара Карпенкі, усе 12 скаргаў на адмовы ў рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты (у тым ліку 2 скаргі ў суды) адхілілі.
- Па выніках датэрміновага галасаваньня ЦВК даў справаздачу аб рэкорднай яўцы выбарнікаў — 41,71%. Незалежныя назіральнікі называюць датэрміновае галасаваньне адным з мэханізмаў масавых фальсыфікацый.
- З 1996 году незалежныя назіральнікі не прызналі ніводную выбарчую кампанію ў Беларусі транспарэнтнай і адпаведнай стандартам АБСЭ.