Прадстаўніца па сацыяльнай палітыцы Аб’яднанага пераходнага кабінэта Вольга Гарбунова да пачатку кампаніі ААН «16 дзён актыўных дзеяньняў супраць гендарнага гвалту», заявіла, што ў Беларусі ў гэтай сфэры вялікія праблемы: «Карціна хатняга гвалту ў краіне вельмі зьмянілася».
Вольга Гарбунова сьцьвярджае, што амаль уся статыстыка па тэме схаваная.
«Але, мяркуючы па сьведчаньнях людзей унутры Беларусі і па матэрыялах у СМІ, карціна хатняга гвалту ў краіне вельмі зьмянілася. Цяпер гэта і агнястрэльныя раненьні, і падпалы жывога чалавека, аблітага бэнзінам, і шмат іншых жудасных здарэньняў. Нядзіўна, што зьвесткі пра такія выпадкі не публікуюцца ў афіцыйных крыніцах».
Па словах беларускіх чыноўнікаў, нібыта «праблема не стаіць востра». Вольга Гарбунова нагадвае, што ў Беларусі дагэтуль няма спэцыялізаванага закону аб хатнім гвалце.
«А нядаўнія зьмены ў існуючым заканадаўстве ў сфэры гвалту вельмі спрэчныя. Напрыклад, невядома, для чаго адкрываецца доступ да фактаў гвалту для КДБ і Рады бясьпекі. Магчыма, гэта інструмэнт для таго, каб перакручваць статыстыку, уплываць на тэндэнцыі».
Апрача таго, яна нагадвае, што ў Беларусі ліквідаваныя недзяржаўныя арганізацыі, якія маглі аказваць дапамогу пацярпелым ад хатняга гвалту, няма каму праводзіць асьветніцкія інфармацыйныя кампаніі.
«На жаль, частка грамадзтва яшчэ жыве з думкай, што ёсьць „дапушчальны гвалт“, які адбываецца за зачыненымі дзьвярыма ў асобных семʼях. З цягам часу ён перарос у маштабны палітычны гвалт. А цяпер дзяржаўная машына дэманструе, што гвалт можа быць беспакараным — і правакуе зьяўленьне новых жахлівых прыкладаў. Упэўненая, што гвалт у турмах і хатні гвалт — узаемазьвязаныя працэсы. У нас, ва ўсяго грамадзтва, наперадзе комплексная праца па іх спыненьні і пераадоленьні наступстваў», — заявіла Вольга Гарбунова.
25 лістапада — Міжнародны дзень барацьбы з гвалтам у адносінах жанчын. Устаноўлены Генасамблеяй ААН у 1999 у памяць аб сёстрах Мірабаль, забітых у Дамініканскай рэспубліцы 25 лістапада 1960 года па загадзе дыктатара Рафаэля Трухільё.
«Ніколі ня думала да 2020 года, што 25 лістапада стане і для Беларусі днём, настолькі зьвязаным з палітычнымі рэпрэсіямі», — адзначыла Вольга Гарбунова.
З 25 лістапада распачынаюца 16 дзён актыўных дзеяньняў супраць гендарнага гвалту, якія завяршаюцца 10 сьнежня — у Міжнародны дзень правоў чалавека.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Супраць гвалту па-беларуску. Расказваем пра мабільную гульню, створаную на аснове кнігі нямецкай пісьменьніцы ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мінпрацы Беларусі: летась па абарону ад хатняга гвалту зьвярнуліся больш як 12 тысяч грамадзян ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хопіць адкладаць жаночыя праблемы на потым ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Чым больш гвалту ў грамадзтве, тым больш яго і ў сям’і». Як ахвярам хатняга гвалту дапамагае адмысловы сэрвіс