Reuters: перамір'е паміж Ізраілем і ХАМАС могуць падоўжыць на адзін-два дні

Перадача ізраільскай закладніцы. Ілюстрацыйнае фота

Прадстаўнікі дзяржаўнай інфармацыйнай службы Эгіпту заявілі, што «атрымалі станоўчыя сыгналы ад бакоў канфлікту адносна падаўжэньня перамірʼя ў сэктары Газа на адзін ці два дні», перадае Reuters.

Эгіпет сьцьвярджае, што вядзе «актыўныя перамовы» з прадстаўнікамі Ізраілю і ХАМАС аб падаўжэньні чатырохдзённага перамірʼя, што «азначае вызваленьне большай колькасьці зьняволеных у Газе і палестынскіх зьняволеных у ізраільскіх турмах».

Таксама, як пацьвердзіла Бі-бі-сі дыпляматычная крыніца, у Ізраілі цяпер знаходзіцца дэлегацыя з Катара, якая абмяркоўвае магчымае падаўжэньне дзейнага пагадненьня аб перамір'і. Ізраільскі 12 канал таксама паведамляе, што перамірʼе ў Газе могуць падоўжыць на адзін-два дні, каб вызваліць больш закладнікаў.

Сёньня, паводле ізраільскіх уладаў, ХАМАС меў вызваліць з палону 14 закладнікаў у абмен на 42 палестынскіх зьняволеных. Аднак у другой палове дня баявое крыло ХАМАС заявіла аб рашэньні адкласьці вызваленьне другой групы ізраільскіх закладнікаў, патрабуючы гарантыі дастаўкі гуманітарнай дапамогі на поўнач сэктару Газа.

Пагадненьне аб абмене ізраільскіх закладнікаў на палестынскіх зьняволеных было дасягнутае пры пасярэдніцтве Катара і прадугледжвае чатырохдзённую паўзу ў баявых дзеяньнях.

  • Напярэдадні з ізраільскіх турмаў вызвалілі 39 палестынскіх зьняволеных у абмен на 13 ізраільскіх закладнікаў, якіх баевікі ХАМАС узялі ў палон пасьля нападу на Ізраіль 7 кастрычніка. Група палестынскіх зьняволеных складалася з 24 жанчын і 15 хлопчыкаў-падлеткаў, якія знаходзіліся ў ізраільскіх турмах па абвінавачаньні ў самых розных злачынствах: ад кіданьня камянёў да замаху на забойства.
  • Выпушчаныя палестынскія зьняволеныя былі абраныя са сьпісу з 300 жанчын і непаўнагадовых, якт склаў Ізраіль. Каля чвэрці людзей з гэтага сьпісу былі асуджаныя, астатнія знаходзяцца ў зьняволеньні ў чаканьні суда. Большасьць зь іх – хлопчыкі-падлеткі, 40% зь якіх маладзейшыя за 18 гадоў.
  • Падчас нападу на поўдзень Ізраіля 7 кастрычніка ХАМАС захапіў больш за 200 закладнікаў, загінулі 1200 чалавек.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ХАМАС вызваліў 13 ізраільскіх закладнікаў і 12 тайляндцаў