Агульная сума ахвяраваньняў, якія фонд салідарнасьці BySol прыцягнуў ад прыватных і інстытуцыйных донараў для дапамогі рэпрэсаваным у 2022 годзе, склала каля 2 мільёнаў эўра, паведаміў «Позірку» сузаснавальнік арганізацыі Андрэй Стрыжак.
Паводле яго, цяпер фонд заканчвае выплаты ў рамках маратону салідарнасьці «Нам не ўсё роўна!» (BySol даручана разьмеркаваць 100 тысяч эўра), які прайшоў летам 2023-га, і рыхтуецца да правядзеньня аўдыту па выкарыстаньні гэтых сродкаў.
«У нас засталося каля 13 тысяч эўра, мы закрыем яшчэ 26 заявак, — сказаў Стрыжак. — Мы робім разавыя выплаты вызваленым і цяперашнім палітвязьням, а таксама ім сем’ям сумай 500 эўра».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На маратоне салідарнасьці для палітвязьняў сабралі больш як паўмільёна эўраПаводле яго, пасьля таго, як зробяць усе выплаты і правядуць аўдыт, BySol пачне разглядаць варыянты для запыту наступнага траншу, бо да іх пастаянна зьвяртаюцца людзі.
Таксама Андрэй Стрыжак нагадаў пра цяперашні збор у рамках каляднай акцыі «Падорым дзецям цуд!». Паводле яго, збор праводзяць да 9 сьнежня, на сёньня заяўкі падалі ўжо 115 сем’яў палітвязьняў, якія выхоўваюць дзяцей, сабрана ўжо больш за 10 тысяч эўра. BySol не купляе падарункі, падкрэсьліў Стрыжак: «Лічым, сям’я лепш ведае, што больш трэба дзіцяці: зімовыя чаравікі, вітаміны або сюрпрыз пад елку».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Падорым дзецям цуд!»: BySol запусьціў калядны збор для дзяцей палітвязьняўПаводле Стрыжака, фонд таксама працуе зь лякальнымі ініцыятывамі, як унутры Беларусі, так і за яе межамі.
«Ня так даўно ў нас прайшоў конкурс міні-грантаў. Мы раздалі 50 тысяч эўра на рэалізацыю праектаў беларускай накіраванасьці. Цяпер рыхтуем разгорнутую адкрытую справаздачу аб тым, якія заяўкі падалі і якія падтрымалі, і будзем рабіць інфаграфіку», — распавёў сузаснавальнік BySol.
- У жніўні Андрэй Стрыжак распавядаў, што ў 2020 годзе BySol разам з ініцыятывай ByHelp сабралі і раздалі каля 8 мільёнаў эўра, а ў 2021-м і 2022-м гадах сярэднегадавы аб’ём данатаў, сабраных BySol, знаходзіўся ў межах 1-1,5 млн эўра.