А 21-й гадзіне 24 лістапада на 108-м кілямэтры аўтадарогі Р-31 «Бабруйск — Мазыр — мяжа Ўкраіны» 60-гадовы кіроўца не ўлічыў умоваў надвор’я і стан праезнай часткі і зьехаў у кювэт, дзе маршрутка перакулілася на бок, паведамілі ў абласной Дзяржаўтаінспэкцыі.
У салёне знаходзілася 10 чалавек, сем зь іх атрымалі траўмы рознай ступені цяжкасьці, іх даставілі ў бальніцу. Адна з пацярпелых — непаўналетняя.
Каля вёскі Вархі Гарадоцкага раёну сутыкнуліся турыстычны аўтобус і фура. У аўтобусе знаходзіліся 26 чалавек, зь іх два кіроўцы, паведамляе МНС. Пасажыры пакінулі аўтобус самастойна, кіроўцу спатрэбілася дапамога ратавальнікаў.
Шэсьць пасажыраў і аднаго з кіроўцаў даставілі ў бальніцу Віцебска.
Агулам за мінулы дзень на дарогах Беларусі адбылося 15 дарожна-транспартных здарэньняў, у якіх 3 чалавекі загінулі і 17 атрымалі траўмы, паведамілі БЕЛТА у МУС.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сваякі загінулых у маршрутцы пад Смалявічамі патрабуюць да 100 тысяч рублёў кампэнсацыі
На 25 лістапада ў Беларусі аб'явілі аранжавы ўзровень небясьпекі з прычыны галалёдзіцы, паведамляе Белгідрамет. МНС Беларусі таксама папярэджвае пра неспрыяльныя ўмовы надвор'я ў сувязі з галалёдзіцай і называе фактары небясьпекі — цяжкасьць руху транспарту, павелічэньне верагоднасьці ўзьнікненьня дарожна-транспартных здарэньняў, павышэньне рызыкі траўматызму.
У сувязі са складанымі ўмовамі надвор'я Дзяржаўтаінспэкцыя задзейнічае дадатковыя нарады ДПС.
25 лістапада ў Беларусі чакаецца пераважна воблачнае надворʼе, часам сьнег, днём па поўдні з мокрым сьнегам. На дарогах галалёдзіца. Вецер заходні, паўднёва-заходні 5–10 м/с, тэмпэратура паветра -4, +2°С.