Першымі вызвалілі 12 грамадзян Тайлянду, якія прыехалі ў Ізраіль на сэзонныя працы. Прэм’ер-міністар Тайлянду пацьвердзіў факт іх вызваленьня.
Усьлед за імі супрацоўнікам Чырвонага Крыжа ў сэктары Газа перадалі 13 ізраільцян — жанчын і дзяцей. Чырвоны Крыж перадасьць іх ізраільскім вайскоўцам.
Закладнікаў выпускаюць праз КПП Рафах на мяжы сэктару Газа і Эгіпту. Іх сустракаюць вайскоўцы Арміі абароны Ізраілю, а таксама лекары і псыхолягі. Адтуль вызваленых даставяць верталётамі на вайсковую авіябазу Хацэрым на поўдні Ізраілю, а потым у шпіталі. Там яны сустрэнуцца зь сем’ямі і прабудуць пад мэдычным наглядам як мінімум двое сутак, паведамляе Haaretz. СМІ паказваюць сталы зь ежай і вадой, дзіцячымі цацкамі, а таксама шумапаглынальнымі навушнікамі для палёту.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Газа і Ізраіль спынілі агонь на чатыры дні. Чакаюць вызваленьня закладнікаўУ абмен на 13 сваіх закладнікаў Ізраіль сёньня перадасьць прадстаўнікам ХАМАСу 39 палестынцаў, якія адбывалі пакараньне ў ізраільскіх турмах. Іх вызвалілі сёньня з турмы Офэр на Заходнім беразе ракі Ярдан і прывезьлі на аўтобусе Чырвонага Крыжа да мяжы з Газай.
Часовая паўза ў ваенных дзеяньнях пачалася ў пятніцу і працягнецца да вечара аўторка. ХАМАС абавязаўся за чатыры дні вызваліць 50 закладнікаў, захопленых на поўдні Ізраілю падчас нападаў 7 кастрычніка. Такім чынам, колькасьць закладнікаў, якія застаюцца ў Газе, скароціцца да 190. Ізраіль, са свайго боку, перадасьць ХАМАСу 150 палестынцаў, якія адбываюць турэмнае пакараньне — таксама жанчын і непаўналетніх.
Дамоўленасьць аб часовым спыненьні агню паміж Ізраілем і ХАМАСам была дасягнутая пры пасярэдніцтве Катара, Эгіпту і ЗША. Цягам чатырохдзённай паўзы ў сэктар Газа будзе дастаўляцца гуманітарная дапамога. Штодзень плянуецца адпраўляць 130 тысяч літраў дызэльнага паліва і 200 грузавікоў з гуманітарнымі грузамі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Адна дачка ў войску, другая малюе карціны. Гісторыя беларускай сьпявачкі, якая пераехала ў Ізраіль- Падчас нападаў баевікоў ХАМАСу на Ізраіль 7 кастрычніка былі забітыя больш за 1200 ізраільцян, пераважная большасьць зь іх — мірныя жыхары. Каля 240 чалавек, сярод якіх грамадзяне многіх дзяржаў, былі ўзятыя ў закладнікі.
- Падкантрольнае ХАМАСу Міністэрства аховы здароўя Газы сьцьвярджае, што з 7 кастрычніка падчас апэрацыі ў адказ ізраільскай арміі ў сэктары загінулі больш за 14 тысяч чалавек, большасьць зь якіх — жанчыны і дзеці. Незалежных пацьверджаньняў гэтых зьвестак няма.
- Ізраіль пачаў наземную апэрацыю ў Газе і цяпер кантралюе частку паўночнага раёну сэктару, у тым ліку шэраг кварталаў гораду Газа і марское ўзьбярэжжа.
Вайна Ізраілю з ХАМАСам. Асноўнае
- 7 кастрычніка 2023 году Ізраіль зазнаў ракетнага ўдару з боку сэктару Газа, а баевікі руху ХАМАС прарваліся на тэрыторыю краіны, забіўшы ня меней за 260 удзельнікаў музычнага фэсту і захапіўшы сотні закладнікаў. Некаторых людзей расстрэльвалі проста на вуліцах.
- Уварваньне з сэктару Газа адбылося ў 50-ю гадавіну пачатку вайны Суднага дня 1973 году.
- Армія абароны Ізраілю (ЦАХАЛ) у адказ на атаку пачала ваенную апэрацыю «Жалезныя мячы». Ужо 8 кастрычніка Ізраіль афіцыйна абвясьціў стан вайны.
- ХАМАС папярэдзіў, што будзе забіваць аднаго з закладнікаў кожны раз, калі ізраільскія вайскоўцы будуць бамбіць цывільныя аб’екты ў Газе.
- Іран заявіў, што не бярэ ўдзелу ў вайне, але адкрыта заявіў пра падтрымку дзеяньняў ХАМАСу. Найвышэйшы ўладар Ірану аятала Алі Хамэнэі заявіў: «Мы цалуем рукі тым, хто плянаваў напад на сыянісцкі рэжым».
- Колькасьць параненых беларусаў на 10 кастрычніка 2023 году — 3 чалавекі. Стан адной з параненых жанчын цяжкі.
- 10 кастрычніка ў кібуцы Кфар Аза побач з сэктарам Газа выявілі целы дзясяткаў забітых, у тым ліку малых дзяцей.
- Міністар абароны Ізраілю Яаў Галант 11 кастрычніка заявіў, што войска пераходзіць да поўнамаштабнага наступу на сэктар Газа.
- Лібанская ўзброеная групоўка «Хезбала» 11 кастрычніка абстраляла супрацьтанкавымі ракетамі пазыцыі ізраільскіх вайскоўцаў і заявіла, што забіла і параніла іх.
- Па стане на 17 кастрычніка вядома, што ў Ізраілі з пачатку вайны загінулі трое грамадзян Беларусі.
- Ізраіль у лістападзе 2023 году пайшоў у атаку на сэктар Газа і заявіў аб пашырэньні наземнай апэрацыі.
- 22 лістапада стала вядома, што Ізраіль і ХАМАС у Катары падпісалі пагадненьне ад замірэньні на 4 дні. Пазьней замірэньне падоўжылі, але ўжо 30 лістапада яно спынілася пасьля ракет з Газы па Ізраілі, заявілі ў ЦАХАЛ.
- За час замірэньня з палону ХАМАС было вызвалена 105 закладнікаў, а з ізраільскіх турмаў 240 палестынскіх зьняволеных.
- 6 студзеня Ізраіль заявіў пра тое, што поўнач Газы зачышчаная ад баевікоў ХАМАС.
«Хэзбала» выпусьціла ракеты па Ізраілі на наступны дзень пасьля нападу ХАМАС, у кастрычніку 2023 году. З таго часу абстрэлы на мяжы адбываюцца амаль штодня. Дзясяткі тысяч жыхароў эвакуавалі з прымежных раёнаў з абодвух бакоў.
«Хэзбала» — ваенізаваная групоўка і палітычная партыя, якая кантралюе значную частку паўднёвага Лібану. Злучаныя Штаты лічаць яе тэрарыстычнай арганізацыяй. Эўрапейскі Зьвяз унёс у свой сьпіс такіх арганізацыяў толькі яе ўзброенае крыло, але не палітычную партыю (партыя «Хэзбалы» прадстаўлена ў парлямэнце Лібану). «Хэзбала» таксама ёсьць часткаю так званай іранскай «восі супраціву» — сеткі іранскіх давераных асобаў і падтрыманых Тэгеранам групаў баевікоў, якія выступаюць супраць Ізраілю і ЗША. - Увосень 2024 году рэзка вырасла супрацьстаяньне на ізраільска-лібанскай мяжы. «Хэзбала» атакавала Ізраіль, а ў Тэль-Авіве вырашылі правесьці сэрыю авіяналётаў, каб зьнішчыць атакавальны патэнцыял «Хэзбалы».
- 23 верасьня Ізраіль распачаў першую з 2006 году наземную апэрацыю на поўдні Лібану, калі пачалася Другая лібанская вайна (Ліпеньская вайна). Апэрацыю назвалі «Стрэлы поўначы».
- 27 верасьня Ізраіль нанёс магутныя ўдары па Лібане і забіў лідэра «Хэзбалы» Хасана Насралу.
- 3 кастрычніка Армія абароны Ізраілю паведаміла пра атаку на аб’екты «Хэзбалы» ў Бэйруце.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.