За 9 месяцаў 2023 году тавараабарот паміж Беларусьсю і Расеяй павялічыўся на 11%

Дзяржаўныя сьцягі Беларусі і Расеі. Ілюстрацыйнае фота

Тавараабарот паміж Беларусьсю і Расеяй  склаў 35,5 млрд даляраў.

Пра гэта заявіў 24 лістапада намесьнік старшыні Савету Рэспублікі Нацыянальнага сходу Валеры Бельскі на пасяджэньні міжпарлямэнцкай камісіі з Саветам Фэдэрацыі Расеі па міжрэгіянальным супрацоўніцтве.

«Гэтая высокая плянка не спыняе нашы ўрады і нашы прадпрыемствы, якія ўсё павялічваюць і павялічваюць тавараабарот, — цытуе Валера Бельскага прэс-служба Савету Рэспублікі Нацыянальнага сходу.

Паводле яго слоў, якія прыводзіць «Позірк», працягваецца рэалізацыя інвэстыцыйных праектаў у Беларусі, у тым ліку за кошт крэдытных сродкаў Расеі. Дзейнасьць гэтых прадпрыемстваў «арыентаваная ў першую чаргу на выпуск імпартазамяшчальнай прадукцыі, якая будзе запатрабаваная і ў Беларусі, і ў Расеі».

12 верасьня амбасадар Беларусі ў Расеі Дзьмітры Круты заявіў, што аб’ём узаемнага двухбаковага гандлю сёлета павінен скласьці 55 млрд даляраў.

«50 млрд — чыста тавары, і плюс 5 млрд — паслугі», — удакладніў ён падчас дыскусіі «ЭАЭС і БРІКС: роля ў фармаваньні новага шматпалярнага сьвету» ў рамках Усходняга эканамічнага форуму ва Ўладзівастоку.

Летась тавараабарот Беларусі і Расеі, паводле зьвестак расейскага боку, павялічыўся да 45 млрд даляраў, згодна зь беларускай статыстыкай — да 50 млрд.

Паводле дадзеных Нацыянальнага банку, з моманту стварэньня Саюзнай дзяржавы тавараабарот паміж Беларусьсю і Расеяй вырас у 7 разоў, а ў 2022 годзе ён склаў каля 46 млрд даляраў — гэта рэкордны паказчык.

Уклад Расеі ў фармаваньне абʼёмаў зьнешняга гандлю Беларусі за гэты пэрыяд не апускаўся ніжэй за 45 працэнтаў, за 2022 год склаў амаль 60 працэнтаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Мінэканомікі заявілі, што Беларусь ужо выканала задачу па росьце ВУП на 2023 год. Што прагназавалі экспэрты
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Амбасадар Беларусі ў Расеі: «48% беларускай эканомікі — пад заходнімі санкцыямі»