«Расейцы яму не давяралі». Лінкявічус, Шрайбман і былы калега пра Ўладзімера Макея да ўгодак ягонай сьмерці

Уладзімер Макей, архіўнае фота

«Гэта цяжка, калі б’юць твой народ, а ты шукаеш апраўданьняў свайму босу». Да гадавіны сьмерці чыноўніка Свабода паразмаўляла з былым міністрам замежных спраў Літвы Лінасам Лінкявічусам, палітолягам Арцёмам Шрайбманам і дасьведчаным экс-дыпляматам, які не захацеў называць свайго імя.

Міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей раптоўна памёр 26 лістапада 2022 году. Па сёньня гэтая сьмерць ахутаная таямніцамі.

Макею было 64 гады. Ён родам зь вёскі Некрашэвічы Карэліцкага раёну. Скончыў Менскі дзяржаўны пэдагагічны інстытут замежных моваў (1980), а потым на дванаццаць гадоў зьвязаў свой лёс з вайсковай контравыведкай. Ужо ў незалежнай Беларусі, яшчэ да Лукашэнкі, Макей прыйшоў на працу ў Міністэрства замежных справаў.

Уладзімер Макей, 2017

Быў прадстаўніком Беларусі пры Радзе Эўропы. У 2000 годзе стаў працаваць у Адміністрацыі прэзыдэнта. У 2008 годзе яе ўзначаліў. У жніўні 2012-га стаў міністрам замежных спраў і адпрацаваў на гэтай пасадзе да самай сьмерці.

Часта менавіта з прозьвішчам Макея зьвязваюць пэрыяды лібэралізацыі і паляпшэньня адносін з Эўропай. Аднак у 2020 годзе міністар прыняў пазыцыю Лукашэнкі падчас супрацьстаяньня сілавікоў з пратэстоўцамі. Менавіта Макей агучыў пагрозы, што калі ня здымуць санкцыі, беларуская грамадзянская супольнасьць спыніць сваё існаваньне.

Зь сям’ёй на прыёме для амбасадараў у МЗС Беларусі, 2019

Да гадавіны сьмерці чыноўніка Свабода паразмаўляла з былым міністрам замежных спраў Літвы Лінасам Лінкявічусам, палітолягам Арцёмам Шрайбманам і дасьведчаным экс-дыпляматам, які не захацеў называць свайго імя.

«Служакам ён быў»

«Якім ён быў? — суразмоўца Свабоды, які больш за 20 гадоў адпрацаваў у структуры МЗС Беларусі, задумляецца на хвілінку. — Служакам ён быў. Армія, зь якой ён пачынаў свой працоўны шлях, пакінула на ім вельмі глыбокі сьлед. Служыў аддана, па магчымасьці прафэсійна, рабіў сваю справу. Не хапіла сьмеласьці яму».

Суразмоўца Свабоды падкрэсьлівае, што ў прыватных кантактах, хоць яны і былі знаёмыя вельмі даўно, Макей заставаўся заўсёды стрыманым, закрытым. Даволі рэдка выходзіў з свайго кола, пры гэтым заставаўся дысцыплінаваным і скіраваным на працу.

Лініс Лінкявічус, які ў свой час папрацаваў амбасадарам Літвы ў Беларусі (2012), а зь Менску быў пераведзены міністрам замежных спраў Літвы (2012–2020), кажа, што зь беларускімі чыноўнікамі ў размовах заўсёды была свая спэцыфіка.

«Калі я жыў і працаваў у Менску, адчуваў там кантроль, сачэньне. Бывае рознае сачэньне: калі ты ня бачыш, не заўважаеш, але яно ёсьць, а ў Беларусі было ўсё так, каб ты бачыў. Калі ты сядзіш з кімсьці і п’еш каву, то побач таксама нехта сядзіць і п’е. Таму і размовы з афіцыйнымі асобамі маюць своеасаблівы каэфіцыент праўды: ты ня ведаеш, твой калега шчыры ці не. Калі вы гаворыце ў Менску, то, натуральна, няшчыры. Людзей і кантралююць, і шантажуюць», — перакананы Лінкявічус.

Зь міністрам замежных спраў Літвы Лінасам Лінкявічусам падчас наведваньня літоўскай школы ў Рымдзюнах, Астравецкі раён. Верасень 2020

Літоўскі калега Макея прыгадвае характэрную размову ў Менску. Спадар Лінкявічус гаварыў аб тым, што трэба вызваліць палітвязьняў, якіх на той момант было шэсьць чалавек.

«Макей разумеў, што размову могуць слухаць, таму адказаў так: „Я разумею, але грамадзкая думка супраць“. Пры словах „грамадзкая думка“ ён паказваў пальцам угору — гэта праслухаць ужо не маглі».

Лукашэнка ўручае Ўладзімеру Макею ордэн Айчыны ІІІ ступені. 2018 году

«Ён ня стаў часткай блізкага кола Лукашэнкі»

Ці мог Макей уплываць на Лукашэнку? Наконт гэтага існуюць розныя думкі. Палітоляг Арцём Шрайбман перакананы, што называць Макея «канструктарам лібэралізацыі» ні ў якім разе нельга.

«Канструктарам усіх палітычных працэсаў у Беларусі зьяўляецца Лукашэнка: як адлігаў, так і замаразкаў. Проста ў той час Лукашэнку больш спатрэбіліся ўменьні Макея, а ў іншы час — Тэртэля і Карпянкова. Калі б не было Макея, то гэта ня значыць, што адлігі б не было. Ён выконвае функцыі; магчыма, можа ўзмацняць тэндэнцыі, але пачынаць і канструяваць іх ён ня мог».

Дыплямат, які захацеў застацца ананімным, таксама лічыць, што асабліва блізкім да Лукашэнкі Макей ня быў ніколі.

«Калі нейкі ўплыў і быў, то зусім не прынцыповы. Яны шмат гадоў працавалі разам, але часткай блізкага кола ён ня стаў, бо дровы яны разам не калолі, у хакей не гулялі».

А вось Лінас Лінкявічус, наадварот, кажа, што заходнія дыпляматы і палітыкі цанілі ў Макеі тое, што ён меў «доступ да цела». Ён прыводзіць прыклад папярэдніка Макея Сяргея Мартынава, які мог нешта гаварыць, камэнтаваць, але ніякага ўплыву на падзеі гэта ня мела.

«Не сакрэт, што мала хто меў доступ ня тое што да прыняцьця рашэньняў, а проста да самога „нумару адзін“. Успомніў наведваньне Дудутак, там ёсьць парк і ёсьць асёл, каля якога таблічка „Асёл № 2“. І ніхто не пытаецца, а хто ж „Асёл № 1“ (сьмяецца). І „нумар адзін“, былы прэзыдэнт, моцна ўсіх кантраляваў», — кажа Лінкявічус.

Вядомы дыплямат расказвае гісторыю, якая хадзіла ў калідорах МЗС, чаму Лукашэнка ў свой час зьвярнуў увагу на маладога Ўладзімера Макея, але пры гэтым падкрэсьлівае, што яна хутчэй анэкдатычная.

«Справа ў тым, што ў той час у Расеі зьявіўся Пуцін. І той, і той Уладзімер Уладзімеравіч. Лукашэнку было прыемна сказаць: „Уладзімер Уладзімеравіч, а прынясі мне паперку“. Я так разумею, што гэта было і на практыцы: калі Лукашэнка з Пуціным сустракаліся, то Пуцін ад такога ўздрыгваў».

«Макей лічыў, што Беларусь не павінна быць правінцыяй Расеі»

«У Макея ня так шмат было поглядаў, якія можна лічыць непахіснымі, але дакладна ён лічыў, што Беларусь павінна быць не правінцыяй Расеі — гэта ягоны шчыры погляд на жыцьцё», — перакананы Арцём Шрайбман.

Ён дадае, што пры гэтым міністар быў хутчэй эўраскептыкам, яму былі бліжэй вугорскія палітыкі, якія займалі падобную пазыцыю. Пры гэтым Шрайбман дадае, што Макей разумеў: каб Беларусь магла быць больш нэўтральнай, ёй трэба быць бліжэй да Эўразьвязу, «чым таго хацела б Расея».

Лінас Лінкявічус успамінае, як ён разам з украінскім міністрам Паўлам Клімкіным запрасілі Макея на трохбаковую сустрэчу ў Адэсе, дзе ў той час губэрнатарам быў Міхэіл Саакашвілі. Тады ўжо ішла вайна на ўсходзе Ўкраіны. Міністры шмат размаўлялі «бяз гальштукаў», наведвалі вінныя склепы.

Зь дзяржсакратаром ЗША Майкам Пампэо ў Менску. Люты 2020 году

«Тая сустрэча нарабіла шораху сярод маскоўскіх палітолягаў, маўляў, што гэта за новы фармат. Адкрыта ён ніколі не казаў, што хацеў аддаліць Беларусь ад Расеі, але заўжды падкрэсьліваў, што гэта розныя краіны. Тыя самыя памкненьні я адчуваў ад прэм’ер-міністра Міхаіла Мясьніковіча», — кажа Лінкявічус.

Трэці суразмоўца Свабоды таксама лічыць, што на беларускую справу Макей працаваў сапраўды шчыра, але толькі ў рамках існай палітычнай сыстэмы.

«Ён актыўна працаваў і прыкладваў намаганьні, каб наладзіць дыялёг з эўрапейцамі, каб нам там адчынялі дзьверы, каб адмянялі санкцыі — гэта яго рук справа. Больш ніхто з ураду і Адміністрацыі гэтага не рабіў. Ён спрабаваў мякка ўплываць такім чынам на ўнутраныя працэсы. Курс на беларусізацыю — гэта было ягонае», — кажа дыплямат з дваццацігадовым стажам.

Адзін з апошніх здымкаў Макея. Разам з міністрам абароны Беларусі Хрэніным, 2022

«Макей мог зьмяніць сытуацыю ў 2020-м»

Шмат у чым вызначальным для Ўладзімера Макея стаў 2020 год, калі сотні тысяч беларусаў выйшлі на пратэст супраць фальсыфікацыі выбараў і гвалту з боку сілавікоў. Многія спадзяваліся, што міністар замежных спраў таксама падтрымае пратэст, але ён, наадварот, стаў звальняць зь ведамства людзей, які выказаліся супраць.

«Калі ў 2020 годзе людзі крычалі: „Макей, не робей“ — гэта была народная мудрасьць, што называецца. Людзі разумелі, што ён той чалавек, які можа павесьці Беларусь цывілізаваным шляхам. Але ён пабаяўся. Чытайце пункт першы, што ён быў служакам і ўмеў падпарадкоўвацца. Калі б у верасьні 2020 году ён выйшаў да народу і сказаў: „Хадзем за мной“, то, магчыма, мог бы зьмяніць сытуацыю», — кажа дыплямат, які быў доўгі час знаёмы з Макеем.

Арцём Шрайбман прыкладна 14 жніўня 2020 году меў кароткую перапіску з Уладзімерам Макеем. Яны былі знаёмыя асабіста, мелі некалькі размоваў прыватных, зьмест якіх не выходзіў у публічную прастору. Магчыма, менавіта таму Макей і адказаў незалежнаму палітолягу.

«Макей мог зьмяніць сытуацыю ў краіне. Калі б ён падтрымаў пратэстоўцаў, то гэта б выклікала эфэкт даміно ў МЗС. І гэта магло б паставіць пытаньне перад часткай ураду, дэпутатаў, тэхнакратаў, бізнэсоўцаў. Гэта ня значыць, што ўсё б дакладна зьмянілася. Магчыма, ён быў сеў на лаву падсудных, як Бабарыка, ці яго б забілі ціха, але гэта б падвысіла шанцы на перамогу пратэсту. І ўвогуле, безь пераходаў такіх знакавых фігур немагчыма ўявіць перамогу пратэсту», — кажа Шрайбман.

Уладзімер Макей, 2019

Што тычыцца той самай перапіскі, то Ўладзімер Макей напісаў, што ён пойдзе да Лукашэнкі з прапановай пачаць дыялёг з пратэстоўцамі.

«А калі не?» — спытаў Шрайбман. «Тады далей безь мяне», — адказаў міністар.

«Цікава, пасьля таго, як я перадаў ягоныя словы, мне сталі пісаць людзі, што, магчыма, я няправільна яго зразумеў. Я лічу па-ранейшаму, што фраза „Далей безь мяне“ з кантэксту значыла, што ён ня будзе працаваць больш у гэтай сыстэме. Але былі людзі, якія прачыталі ў гэтым ягоны намёк, што далей безь мяне ладзьце перамовы, а я застаюся ў сыстэме. У той момант мая вэрсія гучала як больш лягічная», — падкрэсьлівае Шрайбман.

На Зьезьдзе беларусаў сьвету ў Менску. Ліпень 2017 году

«Табе пагражалі званкамі, а там забівалі людзей»

Чаму ўсё ж міністар застаўся часткай сыстэмы, а не падтрымаў пратэстоўцаў? Адметна, што ў той самы час зь дзяржаўнай службы ў МЗС звольніўся старэйшы сын Макея Віталь.

«Мне здаецца, спрацавала тое, як ва многіх людзей рэжыму, што займалі больш прамежкавую пазыцыю: яны ў той момант лічылі, што нейкія перамены і рэформы пачнуцца, бо ўлада ня зможа праігнараваць такі запыт людзей. І лепш тады заставацца ў сыстэме, чым быць па-за ёй. Маўляў, сыстэму трэба мяняць эвалюцыйна, павольна, не дапускаць расейцаў, якія ўжо прысылалі ў Менск сваіх ганцоў. А ёсьць і цынічнае тлумачэньне, што ён проста не хацеў губляць добрай пасады», — кажа Шрайбман.

Лінас Лінкявічус у жніўні 2020 году таксама напісаў Макею паведамленьне, выказаўшы гатоўнасьць прыехаць у Менск і стаць мадэратарам у перамовах уладаў з пратэстоўцамі. Цэлыя суткі Макей нічога не адказваў, а потым адпісаў, што гэта «кепская ідэя» і ехаць ня трэба.

«Я яшчэ пісаў яму, дакладны тэкст ня ўспомню, бо ён не захаваўся: „Ты ж беларус, тваіх людзей б’юць“. І тады ён адказаў: „Калі яны сталі тэлефанаваць мне дамоў, пагражаць маім дзецям, то я вырашыў, што так ня можа быць“. Табе пагражалі званкамі, а тут людзей білі і нават забівалі — адчуваеш розьніцу? Натуральна, ягоныя адказы таксама кантраляваліся. Але ён зрабіў выбар», — кажа спадар Лінкявічус.

Сустрэча зь міністрам замежных спраў Расеі Сяргеем Лаўровым. Лістапад 2019 году

«Расейцы яму не давяралі»

Незадоўга да пачатку поўнамаштабнай вайны Расеі супраць Украіны Ўладзімер Макей выступіў са словамі, што ніякага нападу на Ўкраіну з тэрыторыі Беларусі ня будзе.

Ці схлусіў тады Макей, або ён проста ня ведаў пра пляны Пуціна?

«Ён ня ведаў тады нічога. Пуцін яго не інфармаваў, і Лукашэнка не інфармаваў. Ён ня быў у той момант фігурай, якая ўплывае на падзеі», — кажа вядомы дыплямат.

«Я ўпэўнены, што Макею пра пляны нападу на Ўкраіну не паведамілі б. Расейцы яму проста не давяралі. Ён проста ня ведаў гэтага ўсяго. Макей мог памыляцца і верыць, што расейцы такога ня зробяць», — згаджаецца і Арцём Шрайбман.

МЗС Беларусі адзначае сваё 100-годзьдзе, 2019

«Няма доказаў ні самагубства, ні натуральнай сьмерці»

Сьмерць Макея здарылася неўзабаве пасьля вяртаньня міністра з саміту АДКБ у Ерэване. Туды міністар ляцеў не адным бортам разам з Лукашэнкам, а транспартным самалётам.

«Трагічная сьмерць, не да канца зразумелая. Мяне часта пытаюцца, хто яго забіў. Але ніякіх цьвёрдых фактаў і доказаў няма і ўжо ня будзе. Я ня помню, каб ён хварэў. Гэта было вельмі нечакана. Я сумняваюся ў афіцыйных заявах беларускіх уладаў наконт сьмерці Макея, гэта дакладна. Але гадаць ня буду, гэта несур’ёзна», — кажа Лінас Лінкявічус.

Суразмоўца Свабоды з дыпляматычнага корпусу дадае, што таксама ня ведае прычын сьмерці міністра, але не выключае вэрсіі з суіцыдам, якая фігуравала ў СМІ.

«У яго было шчырае імкненьне зрабіць Беларусь нармальнай краінай, у выніку ж ён бачыў, як народ б’юць, і нічога зрабіць ня мог. Макей шукаў толькі апраўданьні дзеяньням свайго босу. Гэта разрывае мозг. З гэтым цяжка жыць», — перакананы дыплямат.

«У мяне няма доказаў ні самагубства, ні натуральнай сьмерці. У ягонай сьмерці было нешта такое незвычайнае, у дзяржаўных СМІ яна асьвятлялася ня так, як мусіла б асьвятляцца сьмерць чыноўніка такога маштабу. І гэта нагода для пэўных падазрэньняў», — згаджаецца Арцём Шрайбман.

Аляксандар Лукашэнка на цэрымоніі разьвітаньня з Міністрам замежных справаў Уладзімерам Макеем, 2022

«Засталося толькі жаданьне даражэй прадацца Расеі»

Наступнікам Макея на пасадзе міністра замежных спраў стаў ягоны даўні паплечнік Сяргей Алейнік. Калісьці ў 1992 годзе яны разам паехалі на вучобу ў Венскую дыпляматычную акадэмію, з таго часу сябравалі.

«Галоўнае, што зьмянілася, — поўнае ўнутрыпалітычнае зьнішчэньне МЗС. Макей мог быць „узмацняльнікам сыгналаў“. Ён мог даносіць да Лукашэнкі пэўныя рэчы, якія цяжэй рабіць Алейніку, і таксама лепш сыгналы ад Лукашэнкі даносіць іншаземцам. З 2020 году гэта зьмяншалася, а са сьмерцю Макея сышло на поўны нуль. Усе разумеюць, што МЗС сёньня — гэта ня вельмі кваліфікаваная піяр-служба Адміністрацыі прэзыдэнта», — лічыць Арцём Шрайбман.

Тое самае гаворыць і былы дыплямат, які размаўляў са Свабодай на ўмовах ананімнасьці.

«Палітыкі ўжо няма. Няма чаго працягваць. Няма канструктыўнага дыялёгу, ніхто з Алейнікам размаўляць ня будзе ўжо. Алейнік — тэхнакрат, выконвае пратакольныя абавязкі. У яго няма ніякага бачаньня, ды і ня можа быць. Ніякай замежнай палітыкі не засталося, апроч жаданьня даражэй прадацца Расеі».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Стала вядома аб першым затрыманьні за камэнтар пра сьмерць Макея
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Пасьцельнік дыктатара», «фаварыт Захаду», «сапраўдны сябар Расеі». Арастовіч, Гардон, Дубноў, Зась і іншыя пра адыход Макея