Падчас свайго выступу Лукашэнка заявіў, што цяпер «на заходнім флянгу імклівымі тэмпамі ўзбройваюцца натаўскія суседзі» і праводзяць «найбуйнейшыя з часоў халоднай вайны вучэньні», а калі ў 1996 годзе зь Беларусі вывелі ядзерную зброю, гэта «скончылася пашырэньнем NATO на Ўсход і навучальнай адпрацоўкай у 2016 годзе сцэнару нанясеньня ядзернага ўдару па Беларусі».
Таксама Лукашэнка ў сваім выступе згадаў санкцыі супраць Беларусі і заявіў пра нібыта «ваенныя правакацыі на мяжы» з боку Захаду, «інфармацыйныя дывэрсіі», «падрыхтоўку дзяржаўных пераваротаў» у Беларусі і «адкрытую дэманстрацыю гатоўнасьці падключыць да гэтай мэты сілы NATO».
«На гэтым фоне папрокі аб разьмяшчэньні ў нашай краіне, на нашай тэрыторыі расейскай тактычнай ядзернай зброі проста абсурдныя, — прыводзіць словы Лукашэнкі ягоная прэс-служба. — Мы, паўтару соты раз, нікому не пагражаем. Мы проста вучымся так званаму дыпляматычнаму этыкету ў тых, хто зрабіў мову сілы сусьветным трэндам».
На думку Лукашэнкі, «толькі наяўнасьць магутнай зброі гарантуе бясьпеку ў рэгіёне і дае права голасу на міжнароднай арэне».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У МЗС Расеі заявілі аб працэсе разьмяшчэньня тактычнай ядзернай зброі ў Беларусі. У Кіеве ня бачаць новых пагроз- 25 сакавіка прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў, што 1 ліпеня ў Беларусі скончыцца будаўніцтва сховішча для тактычнай ядзернай зброі. Паводле яго, Аляксандар Лукашэнка ўжо доўгі час прасіў яго разьмясьціць тактычную ядзерную зброю ў Беларусі.
- У МЗС Беларусі 28 сакавіка заявілі, што рашэньне аб разьмяшчэньні на тэрыторыі краіны ядзернай зброі ўхвалена ў адказ на «беспрэцэдэнтны палітычны, эканамічны і інфармацыйны ціск з боку ЗША, Вялікай Брытаніі і іх хаўрусьнікаў па NATO, а таксама дзяржаў Эўразьвязу».
- 13 чэрвеня Лукашэнка ў інтэрвію расейскай прапагандыстцы Скабеевай заявіў, што частку ядзернай зброі ўжо даставілі з РФ у Беларусь. Таксама Лукашэнка заявіў СМІ, што ядзерная зброя ў Беларусі ў тры разы магутнейшая за прымененую амэрыканцамі ў 1945-м у Хірасіме і Нагасакі.
- Аляксандар Лукашэнка неаднаразова заяўляў, што гатовы «неадкладна і без ваганьняў» прымяніць ядзерную зброю ў выпадку агрэсіі супраць Беларусі. Раней Расея неаднаразова абвяргала заявы Лукашэнкі пра кантроль над ядзернай зброяй у Беларусі, заяўляючы, што ахоўваць зброю і прымаць усе рашэньні аб ёй будзе Масква.
- 16 чэрвеня прэзыдэнт РФ Уладзімір Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо даставілі на тэрыторыю Беларусі, а рэшту перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 19 чэрвеня прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн назваў «рэальнай» пагрозай тое, што Пуцін аддасьць загад аб выкарыстаньні тактычнай ядзернай зброі падчас вайны супраць Украіны.
- 1 жніўня Лукашэнка сказаў, што больш як палова тактычнай ядзернай зброі, якую заплянавана разьмясьціць на беларускай тэрыторыі, ужо «завезена і разгрупавана» па краіне.