У Менгарвыканкаме заявілі, што ў Менску пустуе толькі 1,6% нерухомасьці

Менск, архіўнае фота

Чыноўнікі адзначылі, што за апошні час колькасьць будынкаў, якія не выкарыстоўваюцца, зьнізілася.

На 1 кастрычніка 98,4% нерухомай маёмасьці, што знаходзіцца ва ўласнасьці гораду Менску, выкарыстоўвалі эфэктыўна. Такую лічбу агенцтву «Мінск-Навіны» назвалі ў камітэце дзяржаўнай маёмасьці Менскага гарадзкога выканаўчага камітэту.

Агулам на пачатак IV кварталу ва ўласнасьці Менску знаходзілася каля 10,8 млн квадратных мэтраў нерухомасьці.

Паводле намесьніка старшыні камітэту дзяржаўнай маёмасьці Менгарвыканкаму Сьвятланы Нагорнавай, больш за 86% гэтых плошчаў выкарыстоўваюць камунальныя арганізацыі, 9,1% здаецца ў арэнду, а 3,2% перадалі ў бясплатнае карыстаньне.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Законапраект, які прадугледжвае «падатак на багацьце», Палата прадстаўнікоў прыняла ў першым чытаньні

Лідэрамі ў здачы ў арэнду дзяржаўных мэтраў застаюцца Менскі гарадзкі цэнтар нерухомасьці і арганізацыі сыстэмы жыльлёва-камунальнай гаспадаркі. За дзевяць месяцаў яны здавалі ў арэнду каля 500 тыс. квадратных мэтраў сталічнай нерухомасьці, або больш за палову ад агульнага памеру арэндных плошчаў.

Сьвятлана Нагорнава зьвярнула ўвагу на тое, што няма запазычанасьці арганізацый перад бюджэтам у пераліку арэнднай платы, — гэта сьведчыць аб зладжанай працы ўсіх зацікаўленых службаў гораду.

Прыкметная і тэндэнцыя да памяншэньня плошчаў, якія не выкарыстоўваюцца. У параўнаньні з II кварталам іх удзельная вага скарацілася на 0,3% і цяпер складае ўсяго 1,6% ад агульнай колькасьці.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як выглядае «Радавое гняздо» ў францускім стылі гаспадара «Табакерак», алігарха Алексіна. ФОТА