Уступіла ў сілу пастанова ўраду, якая вызначае, як можна будзе выяжджаць за мяжу чыноўнікам і судзьдзям. Цяпер ім трэба будзе пісаць заяву за 10 дзён да даты выезду. У дакумэнце трэба пазначыць краіну, мэту паездкі, адрасы знаходжаньня і кантактныя зьвесткі. А паводле законапраекту, які сёньня ў першым чытаньні прыняла Палата прадстаўнікоў, фізычныя і юрыдычныя асобы цяпер будуць абавязаныя інфармаваць міліцыю, калі здаюць памяшканьні замежнікам.
У праграме «Падзея і камэнтар» на канале Свабода Premium гэтыя зьмены камэнтуе Арцём Брухан, аналітык «Народнага антыкрызіснага ўпраўленьня», былы супрацоўнік Берасьцейскага аблвыканкаму.
Цалкам гутарку глядзіце ў відэафармаце.
Фрагмэнты з гутаркі:
- Чыноўнікі думалі, што яны будуць прывілеяваным саслоўем, якога ня тычацца абмежаваньні. Цяпер высьветлілася, што гэта ня так.
- У пастанове нават ня вызначаныя крытэры, паводле якіх чыноўнікам могуць дазволіць ці не дазволіць выезд за мяжу.
- У вырашэньні гэтага пытаньня шмат залежыць ад начальства. І гэта павялічвае неабходнасьць быць больш ляяльным да свайго кіраўніка.
- Калі вы пішаце нейкі запыт старшыні выканкаму, гэты запыт можа праляжаць некалькі тыдняў — у яго рукі да гэтага ня дойдуць.
- У пастанове ёсьць пункт «для службовага карыстаньня». Магчыма, там неяк рэглямэнтуецца выезд у Расею, але гэта толькі здагадкі. Зь іншага боку, як гэта пракантраляваць, калі няма кантролю на мяжы?
- І пастанова ўраду, і законапраект аб інфармаваньні пра замежнікаў скіраваныя на павелічэньне кантролю. Адбудоўваецца нэасавецкая сыстэма. Але калі разьлічвалі на таннае марозіва і бясплатныя кватэры, дык замест іх новы Гулаг і КДБ.