За год, з канца лістапада 2022 году, Літва прызнала 1644 беларусаў «пагрозай нацыянальнай бясьпецы», паведамілі 22 лістапада ў Дэпартамэнце міграцыі пры МУС Літвы.
З канца лістапада 2022 году:
- 562 беларусам адмовілі ў дазволе на часовае пражываньне ў Літве,
- 343 беларусам вырашылі яго не працягваць,
- 450 беларусам анулявалі дазволы на часовае пражываньне ў Літве,
- двойчы беларускім грамадзянам адмовілі ў выдачы сталага дазволу на жыхарства ў Літве,
- 8 разоў прымалі рашэньні аб ануляваньні сталага дазволу на жыхарства,
- 279 беларусам адмовілі ў атрыманьні нацыянальнай літоўскай візы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сувязі са спэцслужбамі, судзімасьць, стаўленьне да вайны РФ з Украінай. Пра што яшчэ пытаюцца ў беларусаў, якія хочуць уехаць у Літву
Большасьць рашэньняў былі прынятыя пасьля запаўненьня адмысловай анкеты, уведзенай у канцы лістапада 2022 году, у якой, сярод іншага, ёсьць пытаньні пра стаўленьне да вайны ва Ўкраіне і прыналежнасьць Крыму, а таксама пытаньні пра кантакты са спэцслужбамі, службу ў войску ці сілавых ведамствах і інш.
У ведамстве адзначылі, што былі выпадкі, калі беларусы пры запаўненьні анкеты ўтойвалі невыгодную для іх інфармацыю — гэта высьвятлялі пры дапамозе Дэпартамэнту дзяржаўнай бясьпекі, паліцыі і іншых літоўскіх структур.
- Паводле зьвестак на 1 верасьня 2023 году, у Літве пражывалі больш за 60 тысяч грамадзян Беларусі.
- На пачатку жніўня 2023 году літоўская міграцыйная служба паведамляла, што літоўскія ўлады прызналі «пагрозай нацыянальнай бясьпецы» 910 беларусаў.