У Міністэрстве культуры і інфармацыйнай палітыкі Ўкраіны паведамілі аб дамоўленасьці з археалягічным музэем Амстэрдамскага ўнівэрсытэту (Нідэрлянды) аб вяртаньні калекцыі скіфскага золата, якую вывезьлі для экспанаваньня да анэксіі Расеяй Крыму.
«Вяртаньне артэфактаў асаблівага гістарычнага і культурнага значэньня — гэта знакавы і шматгранны працэс. Ён аб’ядноўвае прававыя, музэйныя, дыпляматычныя і лягістычныя аспэкты. Мы зь нецярплівасьцю чакаем калекцый, адна зь якіх вядомая як „Скіфскае золата“, дадому ва Ўкраіну», — паведаміў выканаўца абавязкаў міністра культуры Ўкраіны Расьціслаў Карандзееў.
Калекцыя «Скіфскае золата» з 2014 году экспанавалася на выставе «Крым — залаты востраў у Чорным моры». Разам з гэтымі каштоўнасьцямі ва Ўкраіну вернуцца калекцыі з чатырох крымскіх музэяў — Цэнтральнага музэю Таўрыды, Керчанскага гісторыка-культурнага запаведніка, Бахчысарайскага гісторыка-культурнага запаведніка і нацыянальнага запаведніка «Херсанес Таўрыдзкі».
Кіраўнік Міністэрства культуры Ўкраіны падзякаваў нідэрляндзкаму музэю за захаваньне калекцый цягам 9 гадоў і за рашэньне не выстаўляць Украіне рахунку за захаваньне музэйных экспанатаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Суд Амстэрдама пастанавіў вярнуць «скіфскае золата» ва Ўкраіну. Зяленскі: «Спачатку золата, а потым і Крым»У кастрычніку 2021 году Апэляцыйны суд Амстэрдаму вырашыў, што калекцыя скіфскага золата, вывезеная з Крыму да анэксіі паўвострава Расеяй у 2014 годзе, мае вярнуцца ва Ўкраіну, і такім чынам пацьвердзіў рашэньне, ухваленае 14 сьнежня 2016 году судом Амстэрдаму.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дырэктарка Музэяў Крамля падтрымала рашэньне аддаць Украіне скіфскае золата