Частка былых крамаў «Віталюр» зноў мяняе гаспадароў. Што адбываецца

У менскай краме «Віталюр». Архіўнае фота

У сацсетках зьявілася інфармацыя, што зачыняюцца некаторыя крамы «Санта».

Як высьветліў партал Office Life, гаворка ідзе пра былыя крамы «Віталюр», якія на пачатку году ўзяла ў арэнду гандлёвая сетка «Санта». Мяркуецца, што бліжэйшым часам частка зь іх зьменіць шыльды і пяройдзе да іншых гандлёвых сетак.

Праблемы з разьлікамі з пастаўшчыкамі ўзьніклі ў кампаніі «Віталюр», якая спэцыялізавалася на імпарце і перапрацоўцы рыбнай прадукцыі і разьвіцьці аднайменнай раздробнай сеткі, у 2021 годзе. У канцы 2022 году ўладальнікі «Віталюра», каб пагасіць дэбіторскую запазычанасьць і палепшыць фінансавае становішча, перадалі большасьць гандлёвых пунктаў у арэнду «Санта Рытэйлу». Таксама «Санта» выкупіла абсталяваньне і рэшткі тавару.

Фактычнае паглынаньне «Віталюра» дазволіла «Санта Рытэйлу», які ўваходзіць у Групу кампаній «Санта» бізнэсоўца Аляксандра Машэнскага, увайсьці ў тройку найбуйнейшых рытэйлераў на беларускім рынку.

«Віталюр» працаваў з 1995 году, але ў канцы лютага 2023 году заявіў пра спыненьне дзейнасьці.

Тады было вырашана перадаць амаль усе крамы кампаніі рытэйлеру «Санта». Цяпер жа гэтыя памяшканьні шукаюць новых уладальнікаў.

Як адзначыў гендырэктар «Віталюра» Віталь Яцук, частку крамаў «Санта» атрымала часова — такія былі дамоўленасьці.

Частку былых крамаў «Віталюра» перададуць сетцы «Green» (плянуецца восем), чатыры крамы — «Суседзям» і дзьве — «Гіпа». Акрамя таго, ідуць перамовы яшчэ зь дзьвюма гандлёвымі сеткамі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Немагчымасьць падняць цэны пагоршыла сытуацыю». Адкуль у «Віталюра» праблемы з пазыкамі і жаданьне здаць нерухомасьць у арэнду
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кампанія «Віталюр» зьбіраецца здаць крамы ў арэнду свайму канкурэнту, сетцы «Санта Рытэйл»