Беларусь і Расея заблякавалі абраньне Эстоніі старшынёй АБСЭ

OSCE

21 лістапада на пасяджэньні Сталай рады Арганізацыі па бясьпецы і супрацоўніцтве ў Эўропе (АБСЭ), якое прайшло ў Вене, Расея і Беларусь наклалі вэта на зацьвярджэньне Эстоніі ў якасьці наступнага старшыні АБСЭ ў 2024 годзе.

«Пры галасаваньні Расея і Беларусь наклалі вэта на кандыдатуру Эстоніі», — паведаміла эстонскаму выданьню ERR афіцыйная прадстаўніца МЗС Эстоніі Брэці Сарапуу.

Паколькі рашэньні ў АБСЭ прымаюцца кансэнсусам, абраць Эстонію старшынёй арганізацыі не ўдалося.

«Паколькі Эстонія таксама зьяўляецца адзіным кандыдатам ад краінаў Эўразьвязу, мы абавязкова абмяркуем гэта зь іншымі краінамі ЭЗ», — адзначыла Сарапуу.

Яна таксама паведаміла, што на наступным тыдні ў Скоп’і, сталіцы цяперашняга старшыні АБСЭ Паўночнай Македоніі, адбудзецца сустрэча міністраў замежных спраў АБСЭ, дзе гэтае пытаньне, як чакаецца, зноў будзе ўключана ў парадак дня.

Міністар замежных спраў Эстоніі Маргус Цахкна і старшыня камісіі Рыйгікогу па замежных справах Марка Міхкэльсан падкрэсьлілі, што нельга паддавацца на ціск Расеі.

«Расея сваімі дзеяньнямі блякуе працу ўсёй арганізацыі, паколькі ўжо некалькі гадоў Масква не дазваляе зацьвердзіць бюджэт арганізацыі, арганізоўваць афіцыйныя мерапрыемствы АБСЭ, працягваць палявыя місіі, а таксама паклала канец усім місіям АБСЭ ва Ўкраіне, якая стала ахвярай расейскай агрэсіі», — заявіў Цахкна і назваў дзеяньні Расеі вартымі шкадаваньня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Урад Эстоніі ўхваліў законапраект аб выкарыстаньні расейскіх замарожаных актываў для аднаўленьня Ўкраіны

Тэхнічна магчыма, што Паўночная Македонія працягне выконваць абавязкі старшыні ў наступным годзе, і сама краіна ў прынцыпе пагадзілася на гэта, аднак, калі краіны ЭЗ і NATO паддадуцца націску Расеі, дык Масква дабʼецца вялікай дыпляматычнай перамогі, адзначыў Міхкэльсан.

«Мэта дзейнасьці Расеі ў АБСЭ палягае, сярод іншага, у тым, каб прымусіць заходнія краіны пагадзіцца зь ціскам, які, прынамсі, створыць уражаньне, што сувэрэнітэт Эстоніі і іншых краінаў Балтыі мае меншае значэньне, чым сувэрэнітэт заходніх дзяржаў. Гэта быў бы невялікі крок да палітыкі сфэраў уплыву», — дадаў Міхкэльсан.

  • АБСЭ — арганізацыя, створаная пасьля Нарады па бясьпецы і супрацоўніцтве ў Эўропе, якая пачалася ў 1973 годзе і завяршылася прыняцьцем Хэльсынскага Заключнага акта ў 1975 годзе. Сябры арганізацыі — дэмакратычныя краіны Эўропы, ЗША і Канада, а таксама краіны былога савецкага блёку і Савецкага Саюзу. У асноўным АБСЭ займаецца пытаньнямі бясьпекі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускія арганізацыі Эстоніі абʼядналіся ў кааліцыю, хочуць сувязяў з дыяспарай у іншых краінах
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Амбасадараў Беларусі ва Ўкраіне і Эстоніі вызвалілі ад пасадаў