Улады Беларусі хочуць ліквідаваць яшчэ адну літоўскую арганізацыю

Шыльда на Горадзенскім абласным судзе

Грамадзкую арганізацыю «Гярвечай» хочуць зьліквідаваць праз суд.

Міжнародную грамадзкую арганізацыю «Клюб „Гярвечай“» ліквідуюць праз Горадзенскі абласны суд. Пасяджэньне заплянавана на 23 лістапада, піша Hrodna.life. Арганізацыя прапрацавала амаль 30 гадоў і разьвівала супрацоўніцтва Літвы і Беларусі. Прычым «падтрымлівала курс кіраўніцтва» Беларусі, піша выданьне.

Пазоў у суд падала Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь. Судзьдзя — Юры Карэцкі.

Арганізацыя зарэгістраваная ў 1994 годзе ў вёсцы Рымдзюны Астравецкага раёну. Гэта адна зь літоўскіх арганізацый — раней іх было шэсьць.

«Гярвечай» ладзіў мерапрыемствы разам з Астравецкім райвыканкамам і пасольствам Літвы ў Беларусі, дапамагаў выдаваць кнігі. Старшыня грамады— Альфонсас Аўгуліс.

У клюбе было 394 сябры. Мэты арганізацыі — супрацоўніцтва і ўмацаваньне даверу і ўзаемаразуменьня паміж народамі Беларусі і Літвы, захаваньне гістарычнай памяці і культуры.

Таксама ў Рымдзюнах была школа зь літоўскай мовай навучаньня. Яе пабудавалі за кошт Літвы ў 1996 годзе. Але ў 2022 годзе школу зрусыфікавалі.

Паводле апошніх зьвестак, у Астравецкім раёне пражывае каля 750 прадстаўнікоў літоўскай нацыянальнасьці.

Раней улады зьліквідавалі грамадзкае аб’яднаньне літоўцаў «Гімціне».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Літва заклікала АБСЭ дамагацца ад Менску адукацыі на роднай мове для літоўцаў Беларусі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Маніторынг Lawtrend: За два гады грамадзкі сэктар Беларусі страціў ня менш як 1057 арганізацый