У Міністэрстве падаткаў і збораў расказалі пра асаблівасьці пры налічэньні падаткаў тым, хто працуе на зборы на прафэсійны даход. Пра гэта піша «Зеркало».
У ведамстве растлумачылі, чаму ў спэцыяльнай праграме-аплікацыі «Падатак на прафэсійны даход» адразу не адлюстроўваюцца льготы. Кожны, хто той падатак плаціць, спачатку ў гэтай аплікацыі ўбачыць поўную суму збору.
Аплікацыя паказвае папярэдні разьлік гэтага збору і ня ўлічвае льготы і карэкціроўкі. У Міністэрстве заявілі, што падатак папярэдне ў аўтаматычным рэжыме разьлічваецца па стаўцы 10% па ўсіх створаных у аплікацыі квітках.
«Не пазьней за 10-ты дзень месяца, які наступіць за мінулым падатковым пэрыядам, падатковы орган праводзіць вылічэньне падатку на прафэсійны даход з улікам усіх ільгот (пры іх наяўнасьці) і карэкціровак, пра што паведаміць платніку праз дадатак», — патлумачылі ў міністэрстве.
- У Беларусі з 2023 году ўвялі новы падатак — на прафэсійны даход. Для тых, хто працуе зь фізычнымі асобамі, ён складзе 10 працэнтаў. Такая ж стаўка для тых, хто працуе зь юрыдычнымі асобамі, але да пэўнага памеру выручкі (60 тысяч рублёў), а пасьля гэтага парога падатковы збор будзе ў два разы вышэйшы — 20%.
- Для некаторых платнікаў гэтага збору прадугледжаныя льготы. Да прыкладу, для пэнсіянэраў — стаўка падатку складае 4% замест 10.
- У кастрычніку 2023 году дасьледчы праект The 1841 Foundation апублікаваў рэйтынг краін з найгоршымі сыстэмамі падаткаабкладаньня. Беларусь заняла там найніжэйшую пазыцыю з пазнакай «як у пекле». Гэта сумесны амэрыканска-аргентынскі праект, яго высновы грунтуюцца на дадзеных Сусьветнага банку і Міжнароднага валютнага фонду.
- У рэйтынгу дасьледчыкі разгледзелі падатковыя сыстэмы 82 краін, без уліку Афрыкі, Азіі і Аўстраліі. У тройцы найгоршых падатковых сыстэм, поруч зь Беларусьсю, таксама Вэнэсуэла і Аргентына. За імі ідуць Украіна і Бразылія. Расея ў рэйтынгу на 9 пазыцыі, таксама з пазнакай «як у пекле». А вось іншыя суседзі Беларусі ў рэйтынгу апынуліся на пазыцыі «нармальна». Найлепш дасьледчыкі ацанілі Літву, за ёй ідзе Латвія, а далей Польшча.