Памежнікі Літвы: два беларусы ў камуфляжнай форме пашкодзілі загароду на мяжы зь Беларусьсю, каб пераправіць мігрантаў

Інцыдэнт зь незаконнымі мігрантамі на мяжы Літвы зь Беларусьсю. Здымак Службы аховы дзяржаўнай мяжы Літвы

У 2023 годзе ў Літве зафіксавалі 85 спробаў пашкодзіць «сьцяну», усталяваную на мяжы зь Беларусьсю, каб перашкодзіць патоку незаконных мігрантаў зь беларускай тэрыторыі.

У Службе аховы дзяржаўнай мяжы Літвы паведамілі аб інцыдэнце на мяжы зь Беларусьсю, калі два беларусы ў камуфляжнай форме з маскамі на тварах пашкодзілі загароду, каб пераправіць на літоўскую тэрыторыю 10 незаконных мігрантаў.

Як адзначаецца ў афіцыйным паведамленьні памежнай службы Літвы, інцыдэнт адбыўся 18 лістапада ў Зарасайскім раёне Літвы, але літоўскія памежнікі хутка адрэагавалі, таму ніводзін мігрант ня трапіў у Літву.

«Няма сумневу, што гэты інцыдэнт арганізавалі беларускія чыноўнікі, якія такім чынам пастаянна спрабуюць арганізаваць пераход нелегальных мігрантаў са сваёй краіны ў суседнія краіны Эўразьвязу», — адзначаецца ў паведамленьні.

Калі літоўскія памежнікі зьявіліся на месцы інцыдэнту, адзін мігрант, які пасьпеў перайсьці мяжу, пабег назад, а іншыя дзевяць не пасьпелі перайсьці праз пашкоджаную загароду.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мігранты на мяжы Беларусі з Польшчай кідалі палаючыя галіны і камяні

У Службе аховы дзяржаўнай мяжы Літвы паведамілі, што ў 2023 годзе зафіксавалі 85 спробаў пашкодзіць «сьцяну», усталяваную на мяжы зь Беларусьсю, каб спыніць паток незаконных мігрантаў зь Беларусі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: З пачатку году памежнікі краінаў ЭЗ спынілі ўжо больш за 40 тысяч спробаў нелегальнага пераходу мяжы зь Беларусі