Лукашэнка 20 лістапада прызначыў адразу пяць новых паслоў Беларусі ў краінах сьвету, а таксама аднаго генэральнага консула. Найбольш на гэтым фоне вылучаюцца прызначэньні былога міністра эканомікі Аляксандра Чарвякова прадстаўніком Беларусі ў Кітаі і дырэктара Дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў КДК Ігара Маршалава ў Зымбабвэ.
Свабода пацікавілася, што вядома пра гэтых людзей.
Першы генэрал-маёр фінансавай міліцыі
Ігару Маршалаву 51 год. Ён зямляк Лукашэнкі, родам са Шклова. Пасьля школы вучыўся ў Вольскім вышэйшым вайсковым вучылішчы, дзе атрымаў спэцыяльнасьць «інжынэр-эканаміст». Горад Вольск знаходзіцца ў Саратаўскай вобласьці Расеі.
Кар’еру пачынаў у Мазыры, дзе працаваў у аддзеле падатковых расьсьледаваньняў Дзяржаўнай падатковай інспэкцыі. Пасьля займаў розныя пасады ў Дэпартамэнце фінансавых расьсьледаваньняў Камітэту дзяржаўнага кантролю па Гомельскай вобласьці.
У 2012 годзе Маршалава забралі ў цэнтральны апарат ДФР, дзе ён спачатку быў намесьнікам дырэктара, а праз год стаў і дырэктарам. На той момант Маршалаву быў 41 год, у беларускай дзяржаўнай сыстэме ў такім узросьце рэдка прызначаюць на высокія пасады.
У 2015 годзе Маршалаў атрымаў пагоны генэрал-маёра — гэта быў першы выпадак, калі такое высокае званьне атрымліваў супрацоўнік органаў фінансавых расьсьледаваньняў.
Маршалаву і яго ведамству, як і многім іншым сілавікам, даводзілася займацца палітычнымі справамі. У 2017 годзе ДФР стаў раскручваць крымінальную справу супраць лідэраў незалежнага прафсаюзу работнікаў радыёэлектроннай прамысловасьці (РЭП) Генадзя Фядыніча і Ігара Комліка.
Тым ня менш у інтэрвію выданьню «Беларусь сегодня» Маршалаў казаў, што ніякага палітычнага падтэксту ў гэтай справе няма, а тыя супрацоўнікі незалежных СМІ, якія пішуць пра палітычны перасьлед, «перагрэліся на сонцы».
У 2021 годзе партал Tut.by пазбавілі льготаў рэзыдэнта Парку высокіх тэхналёгій пасьля ліста з Дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў на імя кіраўніка ПВТ Усевалада Янчэўскага. Ліст быў падпісаны асабіста дырэктарам ДФР Ігарам Маршалавым.
У лісьце гаварылася, што «ў ходзе вывучэньня фінансава-гаспадарчай дзейнасьці таварыства атрыманыя доказы таго, што з моманту атрыманьня ААТ „ТУТ БАЙ МЕДЫА“ статусу рэзыдэнта ПВТ у 2019 годзе па цяперашні час фармаваньне часткі выручкі зьдзяйсьнялася за кошт выкарыстаньня праграмнага забесьпячэньня трэціх асобаў», — пісаў у лісьце Маршалаў.
Таксама менавіта ДФР займаўся расьсьледаваньнем справы супрацоўнікаў «Белгазпрамбанку», які да 2020 году ўзначальваў прэтэндэнт на пасаду прэзыдэнта Віктар Бабарыка.
У выніку Маршалаў трапіў у санкцыйныя сьпісы Эўразьвязу і ЗША. Аднак для працы амбасадарам у Зымбабвэ гэта ня будзе перашкодай.
Называў санкцыі «эканамічным генацыдам»
Лукашэнка заўжды прызначаў пасламі ў Кітай топ-чыноўнікаў. За апошнія дваццаць гадоў прадстаўнікамі ў КНР ехалі: міністар прамысловасьці Анатоль Харлап, кіраўнік КДК Анатоль Тозік, віцэ-прэм’ер Віктар Бура, памочнік Лукашэнкі ў эканоміцы Кірыл Руды, намесьнік кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта Мікалай Снапкоў і кіраўнік Мытнага камітэту Юры Сянько.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка зьняў з пасады міністра эканомікі і адправіў амбасадарам у КітайЦяпер у Пэкін паедзе былы міністар эканомікі Аляксандар Чарвякоў. Яму 57 гадоў. Нарадзіўся ў вёсцы Бабінічы Аршанскага раёну — гэта зусім недалёка ад Копысі, дзе нарадзіўся Лукашэнка. Бацька чыноўніка працаваў кінамэханікам, а маці — бухгальтаркай. Бацькоў ужо няма сярод жывых.
Чарвякоў скончыў сельскагаспадарчую акадэмію ў Горках, а потым доўгі час працаваў там выкладчыкам (1994–2010). Пасьля стаў дырэктарам у Навукова-дасьледчым эканамічным інстытуце Міністэрства эканомікі. У 2017-м стаў першым намесьнікам міністра эканомікі, ад студзеня 2020-га — міністрам эканомікі.
Жонка Сьвятлана працуе намесьніцай галоўнага інжынэра па навуцы ў праектным інстытуце «Белгіпразем».
Старэйшая дачка Яўгенія Барадаўка (прозьвішча па мужу) працуе навуковай супрацоўніцай НДЭІ Міністэрства эканомікі, які калісьці ўзначальваў яе бацька. У 2020 годзе Яўгенія была сярод тых навукоўцаў, хто падпісваўся пад патрабаваньнем спыніць гвалт супраць мірных дэманстрантаў.
У базе патэнтаў ёсьць даволі шмат вынаходак, якія належаць Яўгеніі Чарвяковай. Напрыклад, прылада для дражаваньня насеньня, прылада для прыгатаваньня вадкіх кармоў, прылада для перадпасяўнога стымуляваньня насеньня і іншыя.
Малодшая дачка Лізавета вучылася ў Кітаі, захапляецца культурай Паўднёвай Карэі.
Што тычыцца працы, то Аляксандар Чарвякоў ня быў самым яркім міністрам. У 2022 годзе заходнія санкцыі супраць Беларусі назваў «эканамічным генацыдам». Таксама ён казаў, што непасрэдныя страты ад спыненьня паставак беларускай прадукцыі ў Эўропу склалі 6 мільярдаў даляраў, і пры гэтым запэўніваў, што нічога страшнага няма.
Напярэдадні сьвята 9 траўня ў 2022 годзе Аляксандар Чарвякоў расказваў, як ягоных продкаў з Аршанскага раёну вывозілі на працу ў Нямеччыну «паліцаі з бчб-павязкамі». Але такія сьцьверджаньні Чарвякова малаверагодныя, бо калябарацыяністы, якія выкарыстоўвалі бел-чырвона-белы сьцяг, дзейнічалі толькі на тэрыторыі Генэральнай акругі Беларусі. А сучасны Аршанскі раён знаходзіўся ў зоне групы армій «Цэнтар».
Таксама 20 лістапада зьявіліся новыя паслы Беларусі ў Паўднёва-Афрыканскай Рэспубліцы, Сэрбіі і Інданэзіі, а таксама генэральны консул у Мумбаі (Індыя).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У беларускай амбасадзе ў Бэрліне не прынялі паштовак палітвязьняволенай Золатавай у дзень яе нараджэньня ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Былы супрацоўнік Tut.by напісаў кнігу пра свой арышт, «прыгоды» на Акрэсьціна і Валадарцы ды ўцёкі ў Літву