Амбасады Рэспублікі Беларусь у Чарнагорыі няма, таму са сваімі справамі беларусы, якія тут жывуць, зьвяртаюцца ў беларускую амбасаду ў Бялградзе. Рашэньне рэжыму Лукашэнкі прадугледжвае, што беларусы, якія жывуць за мяжой, павінны вярнуцца на радзіму, каб атрымаць або засьведчыць любы дакумэнт.
Прадстаўнік беларускай дыяспары ў Чарнагорыі Аляксандар Бубін заявіў Балканскай службе Радыё Свабода, што большасьць ягоных суайчыньнікаў уцякла ад рэпрэсій рэжыму Лукашэнкі і ў выпадку вяртаньня яны баяцца расправы за сваю антырэжымную дзейнасьць.
«Мы ня хочам парушаць законы Чарнагорыі, але ня можам іх выконваць, не рызыкуючы трапіць у турму або зазнаць палітычныя рэпрэсіі ў нашай роднай Беларусі», — сказаў Бубін.
Каб прыцягнуць увагу ўладаў Чарнагорыі да сваіх праблемаў, беларуская суполка 12 лістапада правяла ў Падгорыцы грамадзкі сход, на якім паведаміла, што беларусы больш ня могуць атрымаць пашпарты ці пасьведчаньні аб шлюбе, дакумэнты аб заканчэньні школы і падобныя дакумэнты ў амбасадзе ў Сэрбіі. Беларусы просяць чарнагорскі ўрад разгледзець рашэньне аб прызнаньні іхных дакумэнтаў, хаця тэрмін многіх зь іх заканчваецца ці ўжо скончыўся.
«Паколькі многія з гэтых дакумэнтаў неабходныя для атрыманьня дазволу на жыхарства, беларусы з усяго сьвету, калі вярталіся дадому па новыя дакумэнты, траплялі ў „палон“. Фактычна правілы міграцыйнай службы пачалі выкарыстоўвацца як інструмэнт рэпрэсій», — кажа Бубін.
Шэраг грамадзкіх актывістаў Чарнагорыі праявіў салідарнасьць і падтрымаў памкненьні беларусаў. Аляксандар Зэкавіч сказаў, што многія беларусы, якія жывуць у ягонай краіне, — праціўнікі дыктатуры, а таму вярнуцца ў Беларусь, пакуль пры ўладзе Лукашэнка, яны ня могуць.
Зэкавіч спасылаецца на Беларускі Хэльсынскі камітэт, які прыйшоў да такой высновы і ў выніку быў фактычна забаронены ў самой Беларусі Канстытуцыйным судом нібыта за «антыканстытуцыйную і антыдзяржаўную дзейнасьць».
«Урад павінен лічыць скончаныя пашпарты дзейнымі і не настойваць на пэўных сэртыфікатах, як ён паступіў у сытуацыі з Украінай, і цяпер некаторыя тыпы дакумэнтаў не патрабуюцца ад яе грамадзян у пэўных сытуацыях. Гэта тое, чаго хоча і беларуская грамада», — дадаў Зэкавіч.
Улады Чарнагорыі раяцца ў гэтым пытаньні з Эўрапейскім зьвязам і краінамі-партнэркамі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Неатрыманыя новыя пашпарты будуць захоўваць у амбасадах Беларусі толькі годАляксандар Бубін у падтрымку пазыцыі беларусаў Чарнагорыі заявіў, што некаторыя эўрапейскія дзяржавы, такія як Польшча, Літва, Латвія і Нямеччына, якія канфліктавалі з рэжымам Лукашэнкі, пачалі прымаць тэрміновыя захады для абароны беларусаў на сваёй тэрыторыі.
«Гэты прыклад уключаў у сябе прыняцьце пашпартоў са скончаным тэрмінам дзеяньня. Такія ж рэкамэндацыі Эўракамісія зрабіла для краін – сяброў ЭЗ і для тых, хто імкнецца да сяброўства», — кажа Бубін.
Урад прэм’ер-міністра Мілойка Спаіча пакуль ніяк не камэнтуе праблемы. Нават пасьля некалькіх дзён чаканьня Балканская служба не атрымала адказаў з офісу прэм’ер-міністра Спаіча і Міністэрства замежных спраў Чарнагорыі.
У лістападзе 2020 году Чарнагорыя разам з шасьцю іншымі краінамі, якія не зьяўляюцца сябрамі Эўрапейскага зьвязу, далучылася да санкцый, якія 27 краінаў ЭЗ увялі супраць Беларусі ў адказ на жорсткі разгон дэмакратычных пратэстаў, выкліканых сфальшаванымі прэзыдэнцкімі выбарамі ў жніўні 2020 году.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: МУС Нямеччыны зрабіў заяву аб праве беларусаў на праязны дакумэнт іншаземца