Белстат сьцьвярджае, што сярэдні заробак працаўнікоў сельскай гаспадаркі за студзень-верасень 2023 году складаў 1453 рублі ў месяц або 406 эўра. За год заробак нібыта вырас ажно на 24%.
Для параўнаньня прыводзім сярэднія заробкі працаўнікоў сельскай гаспадаркі ў суседзяў Беларусі. Сумы прыведзеныя з улікам падаткаў.
- Польшча: 1601 эўра.
- Латвія: 1486 эўра.
- Літва: 1551 эўра.
- Расея: 401 эўра.
- Украіна: 377 эўра.
Рэшта статыстычных дадзеных датычыць 2022 году. У сфэры сельскай гаспадаркі летась было занята 251,3 тыс. чалавек, або 7 працэнтаў ад усіх занятых у эканоміцы. Большасьць зь іх — гэта мужчыны. Іх, паводле інфармацыі Белстату, 61,1%. Сярэдні ўзрост работнікаў склаў 43,1 гады.
Паводле папярэдніх даных, уклад сельскагаспадарчай вытворчасьці ў аб’ём ВУП Беларусі — 7,2 працэнта. У структуры вытворчасьці лідзіруюць сельскагаспадарчыя арганізацыі — яны займаюць 76,3%, гаспадаркі насельніцтва — 20,5%, а сялянскія (фэрмэрскія) гаспадаркі — 3,2%.
У 2022 годзе ў Беларусі па абʼёме вытворчасьці асноўных відаў харчаваньня на душу насельніцтва сытуацыя была наступнай: збожжа — 943 кг, малако — 853, бульба — 481. Ужо вядома, што паказьнік па збожжы сёлета будзе значна меншы, паколькі ўраджай быў горшым за 2022 год. Паводле ўладаў, Беларусь набудзе ў Расеі паўмільёна тонаў збожжа. Тым часам суседняя Літва мае намер экспартаваць некалькі мільёнаў сабранага ў гэтым годзе збожжа.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Санкцыі не бяда, Афрыка дапаможа». Як прапаганда хлусіць, што Беларусь знайшла замену Захаду: расказваем у ВІДЭА