Прававы акт узгадняе рэарганізацыю ў форме зьліцьця Нацыянальнага інстытуту адукацыі і Акадэміі пасьлядыплёмнай адукацыі. На базе іх маёмасьці будзе створана Акадэмія адукацыі.
Паводле інфармацыі Нацыянальнага прававога інтэрнэт-парталу Рэспублікі Беларусь, у адпаведнасьці з Кодэксам аб адукацыі Акадэмія зьяўляецца «ўстановай дадатковай адукацыі дарослых і будзе рэалізоўваць адукацыйную праграму павышэньня кваліфікацыі кіроўных работнікаў і спэцыялістаў, адукацыйную праграму перападрыхтоўкі кіроўных работнікаў і спэцыялістаў, якія маюць вышэйшую адукацыю, адукацыйную праграму стажыроўкі кіроўных работнікаў і спэцыялістаў».
Таксама новая Акадэмія будзе выконваць «фундамэнтальныя і прыкладныя навуковыя дасьледаваньні ў галіне пэдагогікі, карэкцыйнай пэдагогікі, псыхалёгіі, спэцыяльнай псыхалёгіі, узроставай фізыялёгіі, сацыялёгіі, філязофіі адукацыі, прыватных мэтодык навучаньня і выхаваньня, тэорыі кіраваньня адукацыяй і сумежных зь імі навук як асновы ўдасканаленьня адукацыі, іншых напрамках».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чаму «Каласы...» Караткевіча прыбралі з праграмы, а Талстога — не? Расказваем пра «фэйкі» расейскай літаратурыАкрамя таго, Акадэмія будзе:
- ажыцьцяўляць экспэрымэнтальную і інавацыйную дзейнасьць у сфэры адукацыі, досьледную праверку падручнікаў і навучальных дапаможнікаў;
- распрацоўваць і ўкараняць у практыку інавацыйныя структурныя элемэнты навукова-мэтадычнага забесьпячэньня, вучэбна-мэтадычных комплексаў, сродкаў навучаньня і выхаваньня;
- праводзіць сыстэматычнае назіраньне за станам адукацыі і дынамікай зьмяненьняў яе вынікаў, умоў ажыцьцяўленьня адукацыйнай дзейнасьці, кантынгенту навучэнцаў, іх навучальных і пазавучэбных дасягненьняў, сеткі ўстаноў адукацыі, у тым ліку ў рамках міжнародных параўнальных дасьледаваньняў у сфэры адукацыі;
- выконваць экспэртныя, прагназуючыя, інфармацыйна-аналітычныя, навукова-мэтадычныя і іншыя функцыі, накіраваныя на забесьпячэньне атрыманьня адукацыі і павышэньня яе якасьці;
- каардынаваць дзейнасьць арганізацый, якія ажыцьцяўляюць навукова-мэтадычнае забесьпячэньне дашкольнай, агульнай сярэдняй, спэцыяльнай адукацыі, дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі.
Гэта ўстанова можа рэалізоўваць і іншыя віды адукацыйных праграм дадатковай адукацыі дарослых, адукацыйныя праграмы навукова-арыентаванай адукацыі, адукацыйную праграму дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі.
Згодна з пастановай Акадэмія падпарадкоўваецца Міністэрству адукацыі.
На Міністэрства адукацыі ўсклалі паўнамоцтвы па:
- зацьвярджэньні Статуту Акадэміі;
- прыняцьцю мер па фармаваньні маёмаснага комплексу Акадэміі, неабходнага для выкананьня ўскладзеных на яе функцый;
- забесьпячэньню функцыянаваньня Акадэміі.
Пастанова ўступае ў сілу пасьля яе афіцыйнага апублікаваньня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лекараў скарачаюць, сілавікоў набіраюць. Расказваем, як улады «аптымізуюць» свае выдаткі