У матэрыялах расьсьледаваньня гаворыцца, што «Гардсэрвіс» — адзіная ў Беларусі прыватная вайсковая кампанія, якая пачала займацца будаўнічым бізнэсам. Гэтая ПВК мае цэлы арсэнал зброі, пры гэтым ахоўвае ў асноўным, усяго двух чалавек — Віктара Шэймана і Аляксея Алексіна.
У BelPol заявілі, што ў іх распараджэньні аказаўся «цэлы масіў дакумэнтаў», і высьветлілася шмат фактаў пра арганізацыю.
У жніўні 2020 году адзіным заснавальнікам ПВК стаў Аляксандар Мятла — кіраўнік фонду «Памяць Афгану» і дырэктар «Лініі Сталіна». Па інфармацыі BelPol, толькі яму паўнавартасна давярае блізкі паплечнік Лукашэнкі Віктар Шэйман, які мае дачыненьне да стварэньня і рэальнага кіраўніцтва «Гардсэрвісам».
Аляксандар Лукашэнка сваім указам абавязаў дзяржаўную арганізацыю — Беларускае фізкультурна-спартовае таварыства «Дынама» — перадаць чатыры будынкі па менскай вуліцы Карвата ва ўласнасьць прыватнай арганізацыі, якой ёсьць «Гардсэрвіс».
Перадача адбывалася як «спонсарская дапамога». Будынкі былі цэнтрамі навучаньня спэцыялістаў у сфэры бясьпекі, у тым ліку там вучылі замежнікаў.
Форму для «Гардсэрвісу» шыюць у гомельскай калёніі, дзе ўтрымліваюць, у тым ліку, і палітычных зьняволеных.
Цікава, што ў складзе арганізацыі ёсьць падразьдзел, які ўзначальвае таксама сілавік, у якой няма супрацоўнікаў, апрача яго.
Што датычыцца сувязі з алігархам Аляксеем Алексіным, то «Гардсэрвіс» ахоўвае ягоную сядзібу «Родавае гняздо», пра якую пісала ў сваім нядаўнім расьсьледаваньні Свабода.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як выглядае «Радавое гняздо» ў францускім стылі гаспадара «Табакерак», алігарха Алексіна. ФОТАПаводле аўтараў расьсьледаваньня BelPol, кампанія «Гардсэрвіс» мусіць выплаціць Алексіну 100 базавых велічынь за кожны факт пра сядзібу і яе супрацоўнікаў, які стаў вядомым шырокай грамадзкасьці. Права доступу на сядзібу маюць 24 аўтамабілі. Большасьць аўтамабіляў маюць камбінацыю «0007» на рэгістрацыйных знаках.
Алексін мае асобныя дамовы з 8 стралкамі «Гардсэрвісу», якія ахоўваюць ягоную сядзібу. Асобныя дамовы прадугледжваюць і працы па кашэньні травы і навядзеньні іншага парадку на тэрыторыі сядзібы.
BelPol сьцьвярджае, што ў «Гардсэрвісу» меней за дзясятак кліентаў, і затраты на дзейнасьць арганізацыі перавышаюць прыбытак ад яе кліентаў, з чаго аўтары расьсьледаваньня робяць выснову аб тым, што арганізацыя, якая атрымала так шмат прэфэрэнцый ад дзяржавы зь бюджэту, за грошы падаткаплатнікаў, працуе сабе на страту.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Зямля ў арэндзе. У любы момант усяго можна пазбавіцца». Экс-супрацоўнік Адміністрацыі прэзыдэнта расказаў, як Алексін стаў алігархам рэжыму