Другі запуск «Starship» завяршыўся няўдачай, аднак Ілон Маск лічыць яго пасьпяховым

Starship

Звышцяжкі касьмічны карабель Starship кампаніі Ілона Маска SpaceX другі раз быў падарваны пасьля запуску сыстэмай спыненьня палёту.

Запуск карабля быў зроблены з касмадрома Бока-Чыка ў Тэхасе ў суботу, 18 лістапада, каля 7:00 раніцы па мясцовым часе (у 13:00 па Грынвічы). Ракета SuperHeavy вывела ў космас Starship. Плянавалася, што карабель павінен абляцець вакол Зямлі, пасьля чаго зваліцца ў Ціхім акіяне ў раёне Гавайскіх выспаў.

У кампаніі, аднак, расцэньваюць запуск як посьпех, паколькі быў дасягнуты прагрэс у параўнаньні з першым выпрабаваньнем ракеты, якое прайшло ў красавіку.

«На адзін крок бліжэй да мэты!» — напісаў Ілон Маск у сацсетцы X. Кампанія SpaceX таксама павіншавала ўсіх датычных да выпрабаваньняў з пасьпяховым запускам.

Падчас першых выпрабаваньняў, якія адбыліся ў красавіку гэтага года, Starship павінен быў зьдзейсьніць амаль поўны абарот вакол зямнога шара — аднак ён узарваўся праз чатыры хвіліны пасьля старту.

На гэты раз карабель быў у палёце ўдвая больш часу. Акрамя таго, ракеце SuperHeavy удалося штатна стартаваць. І калі падчас красавіцкіх выпрабаваньняў ракета не дасягнула этапу аддзяленьня прыступак, то ў гэты раз аддзяленьне прыступак прайшло ў штатным рэжыме.

Шматразовая ракетная сыстэма складаецца з касьмічнага карабля Ship 24 і носьбіта Super Heavy. Яе вышыня дасягае 120 мэтраў. Яна вышэй любой іншай ракеты, калі-небудзь створанай у сьвеце. Носьбіт Super Heavy удвая больш магутны, чым створаная NASA для пілятуемых палётаў на Месяц цяжкая ракета Space Launch System (SLS).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ракета-носьбіт з караблём Starship выбухнула неўзабаве пасьля старту. ФОТА, ВІДЭА