У Беларусі ўтрая вырасла колькасьць падлеткаў, якія ўжываюць вэйпы. Што такое вэйпінг і чым ён небясьпечны

Вэйп. Ілюстрацыйнае фота

Навукова-практычны цэнтар гігіены Беларусі з дапамогай нацыянальнага рэпрэзэнтатыўнага апытаньня Global Youth Tobacco Survey правёў маніторынг выкарыстаньня электронных цыгарэт сярод дзяцей і падлеткаў у 39 школах Беларусі. Агулам былі апытаныя 3493 вучні 7-10 клясаў.

Спэцыялісты Навукова-практычнага цэнтру гігіены, якія ўжо 18 гадоў вядуць маніторынг паленьня сярод школьнікаў, прыйшлі да высновы, што ў беларускіх падлеткаў апошнім часам усё большую папулярнасьць заваёўваюць электронныя цыгарэты, вэйпы і прадукты награваньня тытуню.

Даследаваньне выявіла папулярнасьць электронных цыгарэт сярод школьнікаў. У прыватнасьці, доля вэйпераў сярод іх дасягнула 15% ад апытаных. І чым старэйшыя дзеці, тым больш яны ўжываюць электронныя цыгарэты.

Гэтак, колькасьць вэйпераў сярод дзевяціклясьнікаў у 3,4 разы больш, чым сярод сяміклясьнікаў, а сярод васьмікласьнікаў — у 2,4 разы больш.

Як заяўляецца, колькасьць спажыўцоў вэйпаў за пяць гадоў вырасла ўтрая.

Як нагадвае Белсат, год таму, у лістападзе 2022 года, двое падлеткаў у Гомлі і Менскай вобласьці атруціліся вэйпамі. Адна школьніца загінула, а хлопчык трапіў у шпіталь.

Што такое вэйпінг

Вэйпінгам называюць працэс інгаляцыі праз электронную цыгарэту пароў вадкасьці, якая звычайна ўтрымлівае канцэнтраваны нікатын. Першпачаткова лічылася, што электронныя цыгарэты могуць дапамагчы курцам са стажам кінуць сваю шкодную звычку ці, прынамсі, зьнізіць рызыку ракавых хваробаў. Тлумачылася гэта тым, што пры награваньні вадкасьці вылучаецца менш канцэрагенаў, чым пры спаленьні тытуню.

У хуткім часе вэйпінг стаў сусьветнай тэндэнцыяй — асабліва сярод падлеткаў і моладзі. У адрозьненьне ад звычайных цыгарэт, вадкасьць для вэйпу бывае рознага смаку і паху, ня сьмярдзіць і не пакідае смуроду на вопратцы або мэблі, што дазваляе «вэйпіць» у памяшканьнях. Акрамя гэтага, моладзь прыцягвае «модульная» зборка шматлікіх прыладаў для вэйпінгу, што дазваляе іх мадыфікаваць і наладжваць пад свой асабісты густ.

У 2019 годзе ў заяве Амэрыканскай мэдыцынскай асацыяцыі гаварылася: «Распаўсюд ў краіне лёгачных захворваньняў, зьвязаных з электроннымі цыгарэтамі, умацоўвае наша перакананьне, што выкарыстаньне электронных цыгарэт і вэйпінг набылі характар эпідэміі».

Амэрыканская мэдыцынская асацыяцыя тады папярэдзіла, што вэйпэры, якія адчуваюць праблемы з дыханьнем, болі ў грудзях або моцны кашаль, павінны неадкладна зьвярнуцца па мэдыцынскую дапамогу.

А як з гэтым справы ў Беларусі

Ад 27 ліпеня 2019 году дзейнічаюць новыя правілы і забароны наконт выкарыстаньня і продажу тытунёвых прадуктаў. Паводле гэтых правілаў, электронныя цыгарэты трапляюць пад такое ж рэгуляваньне, што і звычайныя цыгарэты. Дзейнічае забарона на адкрыты продаж і рэкляму як электронных цыгарэт, так і вадкасьцяў для іх.

«Паліць» э-цыгарэты, як і традыцыйныя тытунёвыя вырабы, забараняецца ў ліфтах і пад’ездах, на працоўным месцы, ва ўстановах адукацыі, грамадзкім транспарце, на прыпынках, у падземных пераходах, на дзіцячых пляцоўках, у дзіцячых лягерах, у машыне зь дзіцем. Шмат у якіх іншых месцах гэта дазволена толькі ў выдзеленых для гэтага месцах — так званых «курылках».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Амэрыцы пачалі змаганьне з «эпідэміяй вэйпінгу» сярод падлеткаў
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Электронныя цыгарэты забіваюць амэрыканцаў — ці трэба хвалявацца беларусам?
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Амэрыканская мэдыцынская асацыяцыя заклікала спыніць выкарыстаньне электронных цыгарэт