Ва ўладальніка «Маёнтку Падароск» Паўла Падкарытава забіраюць увесь комплекс — чатыры будынкі. Іх давядзецца вярнуць мясцоваму аддзелу культуры. Усе дамовы зь ім разарвалі паводле рашэньня судоў, паведамляе Hrodna.Life.
Прадпрымальнік і мэцэнат Павал Падкарытаў прайшоў праз два судовыя працэсы, якія расьцягнуліся на 6 паседжаньняў, але ў выніку ня змог захаваць маёнтак.
Суды па скасаваньні дамоваў пачаліся ў жніўні 2023 году. У верасьні Ваўкавыскі раённы суд паводле позвы Ваўкавыскага аддзела культуры скасаваў дамову 2013 году па набыцьці аднаго з будынкаў маёнтка. Прычынай стала нібыта «невыкананьне ўмовы па ўводзе аб’ектаў у гаспадарчы абарот» — Павал тады палічыў рашэньне незаконным і абскардзіў яго. Цяпер праз Эканамічны суд Горадзенскай вобласьці і Горадзенскі абласны суд забралі і іншыя будынкі. Судзьдзі — Сьвятлана Даўгашэй і Сяргей Лях.
Як будзе адбывацца перадача будынкаў, Павал Падкарытаў яшчэ ня ведае. Пакуль ён чакае дзеяньняў ад аддзелу культуры. Ягоная фірма пакуль працуе, але будзе згортваць дзейнасьць. Людзей, якія там працуюць, звольняць.
«Што далей будзе з помнікам — справа аддзелу культуры. <...> Я чакаў такога павароту падзеяў усе 10 гадоў, але, канешне, ўсё роўна абураны, бо працэдура ня мае нічога агульнага з правасудзьдзем і эканомікай, просты бальшавізм. Новы 1939-ы, хіба, да гаспадара сядзібы яныя могуць дацягнуцца», — сказаў Павал Hrodna.life.
Павал Падкарытаў на працягу 10 гадоў укладаў грошы ў рэканструкцыю сядзібы. «Грошы будуць ляжаць у зямлі і чакаць гаспадара, — кажа ён. — Спадзяюся, я яшчэ здолею адчыніць там музэй».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіраўніку і фінансаваму дырэктару «Маёнтку Падароск» выставілі абвінавачаньні па крымінальнай справе- Спачатку сядзібу Чачотаў-Бохвіцаў у Падароску аднаўляла ініцыятыва «Маёнтак Падароск». У 2013 годзе яе выкупіў Павал Падкарытаў, расейскі бізнэсовец беларускага паходжаньня. Ён меў намер рэканструяваць палац і адкрыць там турыстычны комплекс з музэем аб жыцьці шляхты. Таксама ў плянах было адкрыць у мястэчку кавярню і сувэнірную краму, а ў дадатак да аграсядзібы — яшчэ два гатэлі. Праект павінен быў прыцягнуць у мястэчка новых жыхароў і выратаваць яго ад выміраньня.
- Камандзе Паўла давялося ствараць першасную дакумэнтацыю па маёнтку зноўку і праводзіць нятанныя навуковыя дасьледаваньні. Скончыць праект плянавалі ў пачатку 2023 году. Далей у плянах было атрыманьне заключэньня дзяржаўнай экспэртызы, запуск кавярні, крамы і часовай экспазыцыі.
- У 2022 годзе ўлады пачалі перасьлед кіраўніка і фінансавага дырэктара «Маёнтку Падароск». Іх абвінавацілі ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў у буйным памеры. Дырэктару ПТУП «Маёнтак Падароск» Юрыю Меляшкевічу і фінансаваму дырэктару Зьмітру Карабачу выставілі абвінавачаньне ў нясплаце падаткаў і страхавых унёскаў з заробкаў работнікаў амаль на 400 000 рублёў.