Пра гэта паведамляе БЕЛТА са спасылкай на намесьніка міністра аховы здароўя, галоўнага дзяржаўнага санітарнага лекара Беларусі Аляксандра Тарасенку.
Паводле Тарасенкі, з красавіка 2022 году ў Беларусі назіраецца пэўная стабільнасьць адносна распаўсюду COVID-19. «Цяпер, як і ва ўсім сьвеце, адзначаецца пэўны рост захворваньня. Сытуацыя кантраляваная», — растлумачыў ён.
«Каранавірусная інфэкцыя не пакідала нас з 2020 году. Цяпер у сьвеце выклікае заклапочанасьць цыркуляцыя штаму „пірола“, і цяпер назіраецца пэўны ўздым. Гэты штам характарызуецца зьніжэньнем працягласьці інкубацыйнага пэрыяду: ад моманту заражэньня да захворваньня праходзіць тры дні, пры тым, што раней было пяць і больш. Захворваньне працякае ў няцяжкай форме», — расказаў галоўны дзяржаўны санітарны лекар.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як засьцерагчы сябе і сваіх блізкіх ад COVID-19 у новым сэзоне. ПарадыУ верасьні сёлета Міністэрства аховы здароўя паведамляла, што выпадкі захворваньня штамам «пірола» ў Беларусі на той момант не былі выяўленыя.
Упершыню штам «пірола» знайшлі ў канцы ліпеня 2023 году ў Ізраілі. Ён зьяўляецца мутацыяй штаму омікрон. У верасьні 2023 году аб зьяўленьні новага штаму на сваёй тэрыторыі паведамілі ўжо 15 краін.
СААЗ уключыла штам «пірола» у лік варыянтаў COVID-19, якія знаходзяцца пад назіраньнем.
У Цэнтры кантролю і прафіляктыкі захворваньняў ЗША правялі папярэдні аналіз і выявілі, што праведзеная раней вакцынацыя працуе і супраць новага варыянта ковіду, паведамляе Белсат.
- Сымптомы хваробы — такія ж, як і пры іншых падвідах каранавіруснай інфэкцыі. Гэта насмарк, галаўны боль, стомленасьць, чханьне, боль у горле, аднак таксама могуць быць дыярэя, пачырваненьне вачэй і сып.
- У «піролы» больш мутацыяў, чым у омікрона — больш за 30. Чым больш мутацыяў, тым менш распазнавальны для імуннай сыстэмы робіцца варыянт віруса. А значыць, заразіцца лягчэй. Гэты штам распаўсюджваецца значна хутчэй за ранейшыя.
- У групе рызыкі, як правіла, — асобы са зьніжаным імунітэтам: гэта ў тым ліку малыя дзеці і людзі сталага веку.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ