У Беларусі амаль на 5% скарацілася фінансаваньне навуковай дзейнасьці дзяржаўных органаў

Акадэмія навук Беларусі. Ілюстрацыйнае фота

Абрысы бюджэту на 2024 год праяўляюцца ўсё больш. Цяпер сталі вядомыя пэўныя лічбы пра сфэру навукі, а канкрэтней — дзяржаўныя выдаткі ў 2023 годзе ў параўнаньні зь леташнім пэрыядам.

Урад зьменшыў фінансаваньне навуковай дзейнасьці дзяржаўных органаў у 2023 годзе на 4,6%. Ранейшая лічба раўнялася 76 116 292 рублям, а цяпер — 72 547 093 рублі. Пра гэта сьведчыць праведзены «Позіркам» параўнальны аналіз зьвестак з пастановы Савету міністраў № 262 ад 17 красавіка і пастановы № 779 ад 16 лістапада 2023 году, якая ўнесла карэкцыю ў красавіцкую пастанову.

Красавіцкі дакумэнт вызначаў атрымальнікамі сродкаў на фінансаваньне навукова-дасьледчых, досьледна-канструктарскіх і досьледна-тэхналягічных работ Дзяржаўны вайскова-прамысловы камітэт (20 603 820 рублёў), Нацыянальную акадэмію навук (19 376 907 рублёў), Апэратыўна-аналітычны цэнтар (9 000 490 рублёў), а таксама міністэрствы: прамысловасьці (17 548 314 рублёў), аховы здароўя (5 746 661 рубель), абароны (2,8 млн рублёў), унутраных спраў (428 000 рублёў), спорту і турызму (335 000 рублёў) і лясной гаспадаркі (277 100 рублёў).

У лістападаўскай пастанове з гэтага пераліку выключана Міністэрства абароны, але дададзены Дзяржаўны камітэт стандартызацыі (187 000 рублёў).

Зьнізілася фінансаваньне НАН (–4555 рублёў; –0,02%), істотна — Міністэрства аховы здароўя (–741 521 рубель; –12,9%), Міністэрства спорту (–210 203 рублі; –62,75%).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь далучылася да кітайска-расейскага праекту стварэньня Міжнароднай навуковай станцыі на Месяцы
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэм’ер Галоўчанка абяцае беларускі легкавы электрамабіль